2012-02-26 12:25:31

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: Вялікі пост спрыяе больш грунтоўным адносінам з Богам (поўны тэкст)


RealAudioMP3 26 лютага Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў, сабраных на традыцыйнай нядзельнай малітве “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Разважаючы над тэкстам Евангелля паводле св. Марка, прызначанага на гэту нядзелю, Папа адзначыў, што “пустыннае” месца, на якім чалавек сустракаецца з рознымі выпрабаваннямі, з’яўляецца месцам прысутнасці Бога і спрыяе ўмацаванню веры. Святы Айцец нагадаў, што час Вялікага посту з’яўляецца спрыяльным для таго, каб аднавіць і зрабіць больш грунтоўнымі нашы адносіны з Богам, праз штодзённую малітву, акты пакаяння і ўчынкі братэрскай любові. “Дарагія браты і сёстры! - сказаў Папа - У гэту першую нядзелю Вялікага посту Езус, пасля таго, як быў ахрышчаны ў Ярдане Янам Хрысціцелем (пар. Мк 1,9), супрацьстаяў спакусам ў пустыні (пар. Мк 1, 12-13). Апавяданне св. Марка даволі кароткае, пазбаўленае дэталяў, якія прысутнічаюць у іншых двух Евангеллях: паводле св. Мацвея і св. Лукі. Пустыня, аб якой ідзе гаворка, мае шмат значэнняў. Яна можа ўказваць на сітуацыю пакінутасці і адзіноты, быць “месцам” слабасці чалавека, у якім няма апоры і бяспекі. У пустыні спакусы становяцца вельмі моцнымі. Аднак, у той жа час, яна можа быць месцам бегства і прытулку. Такой яна стала для ізраільскага народа пасля вызвалення з егіпецкага палона. Яна стала месцам, дзе можна было найбольш адчуць прысутнасць Бога. Езус “быў на пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго” (Мк 1,13). Св. Леў Вялікі адзначаў, што “Пан жадаў перажыць нападкі спакусіцеля, каб абараніць нас сваёй дапамогай і навучыць прыкладам” (Tractatus XXXIX, 3 De ieiunio quadragesimae: CCL 138/A, Turnholti 1973, 214-215).

Чаму нас можа навучыць гэты фрагмент? Як чытаем у кнізе “Следам за Хрыстом”, “чалавек ніколі, пакуль жыве, не з’яўляецца свабодным ад спакусаў ... але дзякуючы цярпенню і сапраўднай пакоры мы становімся мацнейшымі за любога ворага” (Liber I, c. XIII, Citta del Vaticano 1982, 37). Неабходныя цярпенне і пакора ў штодзённым наследванні Пана, здольнасць будаваць сваё жыццё разам і з Ім і свядомасць таго, што Ён існуе, бо Хрыстус з’яўляецца крыніцай сапраўднага жыцця. Спакуса адкінуць Бога, будаваць сваё жыццё і свет толькі разлічваючы на ўласныя здольнасці заўсёды прысутнічае ў гісторыі чалавека.

Езус абвясціў, што “споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае” (Мк 1, 15). Ён расказаў, што ў Ім адбудзецца нешта зусім новае: Бог звяртаецца да чалавека нечаканым спосабам, з незвычайнай блізасцю, напоўненай любоўю; Бог набыў цела і ўвайшоў у свет чалавека, каб узяць на сябе грэх, перамагчы зло і прывесці чалавека да Бога. Але гэта абвяшчэнне суправаджалася заклікам адказаць на гэты вялікі дар. Езус дадаў: “кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Гэта заклік да веры ў Бога і штодзённага навяртання наша жыцця да Яго волі, скіроўваючы да дабра кожны наш учынак і думку. Час вялікага посту з’яўляецца спрыяльным момантам для таго, каб аднавіць і зрабіць больш грунтоўнымі нашы адносіны з Богам, праз штодзённую малітву, акты пакаяння, учынкі братэрскай любові.

Узнясём нашы малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі, каб яна суправаджала нас на шляху Вялікага посту сваёй абаронай і дапамагала, каб словы Хрыста адбіліся ў нашым сэрцы і жыцці і мы маглі навяртацца да Яго. Давяраю вашай малітве тыдзень духоўных практыкаванняў, якія сёння вечарам я пачну разам з маімі супрацоўнікамі з Рымскай курыі”.

Пасля сваіх разважанняў і марыйнай малітвы Святы Айцец удзяліў апостальскае благаслаўленне і звярнуўся да вернікаў на некалькіх мовах з кароткім словам.








All the contents on this site are copyrighted ©.