2012-02-25 13:31:27

Кардынал Бэртонэ: дзейнасць манаскіх супольнасцяў паспрыяла сталенню італьянскага грамадства


RealAudioMP3 25 лютага кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ прыняў удзел у прэзентацыі даследвання аб укладзе каталіцкіх манаскіх супольнасцяў у станаўленне і развіццё сацыяльнай сферы ў Італіі. Мерапрыемства прайшло ў будынку рымскай гарадской адміністрацыі на Капіталійскім пагорку. У цэнтры ўвагі аўтараў даследвання быў уклад законнікаў і законніц у духоўную і матэрыяльную дапамогу бедным і патрабуючым у Італіі на працягу 150 гадоў адзінства гэтай краіны. Кардынал Бэртонэ, звяртаючыся да прысутных на мерапрыемстве, падкрэсліў, што дзейнасць манаскіх супольнасцяў заўсёды характарызвалася практычнай рэалізацыяй Евангелля і, прайшоўшы праз пэўныя этапы развіцця, адлюстравалася ў сацыяльным заканадаўстве Італіі. “Даследванне звяртае ўвагу грамадскасці на гісторыю італьянскай сацыяльнай дзяржавы ад самых яе каранёў”, - звярнуў увагу іерарх.

Кардынал падкрэсліў, што дзейнасць манаскіх супольнасцяў тычылася такіх сфераў, як клопат аб хрорых і пажылых, арганізацыі араторыяў для моладзі, сталовых, бальніц, школ, дзіцячых садкоў, інтэрнатаў для рабочых. Акрамя таго іх дзейнасць закранала сферы прафесійнай адукацыі, абароны правоў працаўнікоў розных прадпрыемстваў і мігрантаў. Кардынал Бэртонэ адзначыў, што сярод кананізаваных на працягу апошняга стагоддзя было шмат так званых “сацыяльных” святых. “Гісторыя Італіі багатая асобамі вядомымі і не вельмі, якія цалкам прысвяцілі сябе Богу і менавіта таму маглі быць блізка з тымі, хто ў эпоху вялікіх сацыяльных перамен і беднасці пакутаваў і знаходзіўся ў вельмі складанай сітуацыі”, - сказаў іерарх.

Ён адзначыў, што дзейнасць манаскіх супольнасцяў у Італіі паспрыяла сталенню грамадства, большай увазе да сацыяльных праблем з боку палітыкаў і вернасці прынцыпам сацыяльнай справядлівасці. Іерарх распавёў, што сёння ў Італіі працуе каля 22 тыс. законнікаў і 80 тыс. законніц. Акрамя таго, дзейнічае каля 15 тыс. цэнтраў сацыяльнай дапамогі, якімі яны апякуюцца. Прадстаўленнае даследванне, на думку кардынала Дзярсакратара, з’яўляецца стымулам для далейшага супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы паміж Касцёлам і дзяржавай.







All the contents on this site are copyrighted ©.