2012-02-24 14:25:35

“L’Osservatore Romano”: вялікая сям’я св. Філіпа Нэры


RealAudioMP3 Чатыры стагоддзі таму, 24 лютага 1612 г. папа Павел V зацвердзіў канстытуцыю “Араторыі” – супольнасці святароў, якую стварыў св. Філіп Нэры і якая дала пачатак сучасным таварыствам апостальскага жыцця. Ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano” нагадвае, што першая падобная супольнасць фактычна існавала ўжо з 1564 г. і складалася з першых вучняў св. Філіпа Нэры. Святы клапаціўся аб выхаванні добрых святароў, якія жылі супольна, але першапачаткова не думаў аб заснаванні асобнай кангрэгацыі. “Ён радаваўся існаванню “сям’і” святароў, якія мелі падобную духоўнасць, жылі захоўваючы пэўны парадак, які ён устанавіў не як настаяцель, але як бацька”, - адзначае “L’Osservatore Romano”. Аднак з цягам часу некаторыя больш канкрэтныя правілы неабходна было стварыць, бо колькасць жадаючых далучыцца да “Араторыі” павялічвалася. У 1575 г. папа Грыгорый ХІІІ прызнаў існаванне кангрэгацыі святароў і заклікаў іх скласці Статут, “у адпаведнасці са святымі канонамі і рашэннямі Трыдэнскага Сабора”. Падрыхтоўка тэкста гэтага дакумента была закончана ў 1583 г. Некалькі разоў ён пераглядаўся і нарэшце быў прызнаны Паўлам V у 1612 г.

“Таварыствы супольнага жыцця аб’ядноўваюць святароў, якія цалкам прысвяцілі сябе Хрысту і служэнню людзям. Яны характарызуюцца сямейным укладам і павагай да кожнага члена, выхаваннем у святле Духа, адказнымі паводзінамі і сапраўднай свабодай, якая не толькі не супрацьпастаўляецца супольнаму шляху, але становіцца багаццем для ўсёй супольнасці”, - адзначае “L’Osservatore Romano”.








All the contents on this site are copyrighted ©.