2012-02-24 12:58:20

Кс. Ламбардзі: спрыяць аднаўленню Самалі


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё, звярнуў ўвагу на неабходнасць спрыяння наступленню міра ў Самалі. Святар нагадаў, што 23 лютага ў Лондане закончылася міжнародная канферэнцыя па праблемах гэтай краіны і падкрэсліў, што існуе надзея на тое, каб гэты форум стаў адпраўным пунктам для аднаўлення дзейнасці ўрадавых інстытутаў, якія былі разбураны ў выніку нестабільнасці і ўнутранай вайны і не функцыянавалі на працягу апошніх 20 гадоў.

“Бедная краіна, практычна кінутая міжнароднай супольнасцю ў хаос і насілле, і ў водах якой з цягам часу развілася марское пірацтва. Вайна, голад, беднасць: старажытныя заганы чалавецтва працягваюць бушаваць над народам, які губляе нават ўспамін аб надзеі. Падлічыць колькасць ахвяр вельмі складана. Іх шмат і яны незлічоныя. Сярод іх, безумоўна, шмат дзяцей. Сведчанні бежанцаў аб насіллі з боку групоўкі Шабаб выклікаюць жах”, - адзначыў кс. Ламбардзі .

Італьянскі іезуіт расказаў, што католікі складаюць тут меншасць, а ў многіх рэгіёнах краіны іх зусім няма. Ён нагадаў, што нават сярод католікаў былі мучанікі, якія з салідарнасці раздзялілі пакуты гэтага народа. “Узгадаем аб некаторых з іх: біскуп Каломба, апошні біскуп, які пражываў у Магадзішы, быў забіты ў 1989 г. ў катэдральным касцёле; Грацыелла Фумагаллі, свецкая верніца, валанцёр і ўрач, забітая у сваёй бальніцы ў 1995 г.; Анналена Тонэллі, таксама свецкі валанцёр, была забіта ў сваёй бальніцы ў 2006 г.; с. Леонэлла Сгарбацці, законніца забітая на выхадзе з бальніцы ў 2006 г”, - нагадаў святар.

“Няхай увесь Касцёл зразумее і прыме тое, што можна заўсёды нешта губляць, але галоўнае – каб перамагала любоў, праўда, дабрыня, мір, прабачэнне і рэкі спачування”, - працытаваў іезуіт словы забітай законніцы. “На фундаменце такой духоўнай спадчыны мы хочам далучыцца да дзейнасці скіраванай на дасягненне грамадзянскай згоды, міра і аднаўлення Самалі”,- падкрэсліў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.