2012-02-24 15:23:00

Брусэль: старт ініцыятывы “Місія ў мегаполісах”


RealAudioMP3 У Брусэлі пачаліся мерапрыемствы ў рамках агульнаеўрапейскай ініцыятывы “Місія ў мегаполісах”. У праграме: сведчанні вядомых бельгійцаў, дыскусіі аб веры, чытанне Евангелля на цэнтральных плошчах і музычныя прадстаўленні. Сталіца Бельгіі з’яўляецца першым з 12 гарадоў Старога кантынента, які ўдзельнічае ў гэтым праекце. Дапаможны біскуп Мэхелен-Брусэльскай архідыяцэзіі Жан Кокеролс адзначыў, што “Місія ў мегаполісах” перш за ўсё скіравана, да тых, хто з’яўляецца “цёплымі” хрысціянамі – людзей, якія былі ахрышчаны, але ўжо не крочаць дарогай веры разам з Касцёлам.

У інтэрв’ю агенцтву “SIR” біскуп расказаў, што большасць бельгійскіх хрысціян, пакінула Касцёл не толькі з прычыны ўнутраных скандалаў. На думку іерарха ў Еўропе вялікі уплыў у гэтай сферы аказваюць СМІ, якія часта не аб’ектыўна гавораць аб злоўжываннях. Паводле яго неабходна аднавіць давер да Касцёла і менавіта ў гэтым заключаецца адна з мэтаў “Місіі”.

Біскуп Жан Кокеролс адзначыў, што праграма мерапрыемстваў уключае ў сябе катэхезы, мэта якіх заключаецца ў тым, каб прадставіць веру, як шлях да шчасця, унутранай радасці і сапраўдных жыццёвых даляглядаў. Асноўнай мэтавай аўдыторыяй ініцыятывы ў Брусэлі былі абраны маладыя пары, якія хоць і трымаюцца далёка ад Касцёла, але цікавяцца некаторымі пытаннямі веры ў сувязі з неабходнасцю хросту ўласных дзяцей.

Мерапрыемствы ў рамках “Місіі ў мегаполісах” працягнуцца ў Брусэлі да 15 красавіка. Затым яны пройдуць у іншых 11 вялікіх гарадах Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.