2012-02-23 14:22:41

Каталіцкія і лютэранскія біскупы Германіі асудзілі неанацысцкія ідэалогіі


RealAudioMP3 Напярэдадні ўспаміну ахвяр групоўкі неанацыстаў, якая на працягу апошніх гадоў дзейнічала ў Германіі, кіраўнікі Каталіцкага Касцёла і Пратэстанскай Царквы краіны апублікавалі сумеснае паведамленне. “Ідэі і дзейнасць ультра-правых арганізацый несумяшчальна з хрысціянскай верай”, - адзначаецца ў звароце арцыбіскупа Роберта Цоліча, старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі і Нікалаўса Шнайдэра, старшыні Рады Лютэранска-евангельчнай Царквы гэтай краіны.

Іерархі падкрэслілі, што нацысцкая ідэалогія “цяжка парушае фундаментальныя хрысціянскія прынцыпы, якія тычацца чалавечай асобы, створанай на падабенства Бога”. “Хто пагражае годнасці і правам чалавека, хто ненавідзіць, прычыняе шкоду ці нават забівае іншых, дзейнічае супраць волі Пана”, - падкрэсліваецца ў дакуменце. “Мы як хрысціяне ўпэўнены ў неабходнасці разам перамагчы маргіналізацыю і нянавісць і зрабіць магчымым мір. Любую розніцу паміж народамі і асобамі пераўзыходзіць адзінства ў Езусе Хрысце”, - адзначылі рэлігійныя лідэры і заклікалі вернікаў Германіі маліцца за ахвяр неанацыстаў і іх сем’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.