2012-02-22 13:38:50

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аўдыенцыю значэнню Вялікага посту


RealAudioMP3 Сваю сённяшнюю катэхезу, прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі у Залі Паўла VI у Ватыкане, Бэнэдыкт XVI прысвяціў Вялікаму посту. Пантыфік нагадаў, што у першыя стагодзі жыцця Касцёла саракадзённы перыяд падрыхтоўкі да Вялікадня быў часам, калі тыя, хто пачуў і прыняў Хрыста, пачыналі крок за крокам навяртацца, узрастаць у веры і рыхтавацца да прыняцця сакрамэнту хросту. Акрамя таго, Папа нагадаў, што таксама вернікі, якія мелі правіны, выкарыстоўвалі час посту для духоўнага абнаўлення. “Удзел усёй супольнасці ва ўсіх этапах велікапостнага перыяду падкрэслівае важнае вымярэнне хрысціянскай духоўнасці: адкупленне тычыцца не абраных, але стала даступным кожнаму, дзякуючы смерці і ўваскрасенню Хрыста”, - сказаў Папа. Бэнэдыкт XVI адзначыў таксама, што сорак дзён Вялікага посту з’яўляюцца сімвалічнай лічбай, якой у Старым і Новым Запавеце азначаецца чаканне, ачышчэнне, выпрабаванне і вяртанне Пана, вернага сваім абяцанням. “Гэта час сталых рашэнняў”, - падкрэсліў Папа. Святы Айцец нагадаў, што на працягу сарака дзён і начэй знаходзіўся ў каўчэгу Ной разам са сваёй сям’ёй і жывёламі, якіх Бог загадаў яму ўзяць з сабой. Папа адзначыў, што Майсей, на працягу сарака дзён заставаўся на гары Сінай, каб атрымаць Закон і на працягу ўсяго гэтага часу пасціў. Акрамя таго, сорак гадоў працягвалася вандраванне яўрэйскага народа па пустыні ў пошуку Абяцанай зямлі.

Гаворачы аб сімвалізме лічбы “40” у Новым Запавеце, Бэнэдыкт XVI нагадаў, што Езус, перш чым пачаць публічную дзейнасць, на працягу сарака дзён заставаўся ў пустыні без ежы і вады, але “насычаўся Словам Божым, якое выкарыстоўваў у якасці зброі супраць сатаны”. “На працягу сарака дзён Езус заставаўся са сваімі вучнямі, перш чым узнёсся на Неба і спаслаў Святога Духа”, - адзначыў Папа. “Хрысціянская літургія Вялікага посту мае на мэце спрыяць шляху духоўнага абнаўлення, у святле гэтага біблійнага вопыту і перш за ўсё навучаць наследаваць Хрыста, які на працягу сарака дзён, праведзеных у пустыні, навучае нас перамагаць спакусы з дапамогай Божага слова”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадаў, што Езус на працягу ўсяго часу публічнай дзейнасці, заўсёды шукаў магчымасці застацца сам на сам з Айцом, каб пабыць у адзінстве з ім, а затым вярнуцца да людзей. “У гэты “пустынны” час асаблівай сустрэчы з айцом, Езус станавіўся перад абліччам спакусаў і нападак злога, які прапаноўваў іншы місійны шлях, далёкі ад планаў Бога, бо здзяйсняўся праз уладу, поспех, панаванне, але не праз поўную аддачу на крыжы”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што такая падвоенасць апісвае таксама сітуацыю Касцёла на шляху па “пустыні” свету і гісторыі. Паводле Святога Айца прабыванне на “пустыні” умацоўвае дух, веру, насычае надзею, натхняе любоў. Акрамя таго, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што “пустыня” з’яўляецца таксама негатыўным аспектам рэальнасці, якая нас акружае: засухі, беднасці словаў, жыцця і каштоўнасцяў, секулярызма і матэрыялістычнай культуры, якія закрываюць чалавека ў зямным вымярэнні, пазбаўляючы любой апоры на трасцэндэнтнасць.

“Негледзячы на гэта, для сённяшняга Касцёла час пустыні можа перамяніцца ў час ласкі, калі мы будзем мець упэўненасць у тым, што з самай цвёрдай скалы можа выцечы жывая вада, якая начычае і аднаўляе”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў вернікаў на працягу Вялікага посту з адвагай і цярпеннем прымаць цяжкія сітуацыі і выпрабаванні, і верыць у тое, што з цемры Пан створыць новы дзень.







All the contents on this site are copyrighted ©.