2012-02-21 15:10:09

Кардынал Бэртонэ абмеркаваў сітуацыю ў Папскім універсітэце ў Перу


RealAudioMP3 21 лютага кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ сустрэўся з рэктарам Папскага каталіцкага універсітэта ў Перу Марсіалам Рубіо Коррэа. У спецыяльным паведамленні Залі Друку Апостальскай Сталіцы адзначаецца, што іерарх выказаў падзяку за дзейнасць супрацоўнікаў універсітэта, а таксама падкрэсліў важнасць існавання шырокага спектра навук, якія выкладаюцца ў гэтай навучальнай установе. Акарамя таго кардынал Бэртонэ перадаў рэктару ўніверсітэта заключэнні Апостальскай Сталіцы аб дзейнасці ўстановы, якія былі складзены на падставе шматлікіх кантактаў і апостальскай візітацыі кардынала Петэра Эрдо ў 2011 г. Візіт праходзіў у рамках уніфікацыі сістэмы каталіцкай адукацыі ў адпаведнасці з Апостальскай Канстытуцыяй “Ex Corde Ecclesiae”, абвешчанай у 1990 г. Янам Паўлам ІІ. Кардынал Дзяржсакратар звярнуў увагу рэктара на неабходнасць унясення некаторых змен у статут універсітэта для захавання яго каталіцкай ідэнтычнасці і дабра ўсяго Касцёла ў Перу.

Папскі каталіцкі універсітэт быў заснаваны ў 1917 г. у сталіцы Перу Ліме. Ён з’яўляецца адной з самых вялікіх і прэстыжных навучальных устаноў у гэтай краіне. У 1986 г. доктарам “honoris causa” гэтага універсітэта стаў кардынал Ёзэф Ратцынгер. Сёння, на 10 факультэтах гэтай установы навучаюцца каля 16 тыс. студэнтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.