Вернікі Каталіцкага
Касцёла ва ўсім свеце ўступаюць у Вялікі пост. Заўтра – у Папяльцовую сераду – пачынаецца
час пакаяння і падрыхтоўкі да Пасхі. Галоўным у гэтыя дні з’яўляецца ўспамін ахвяры
Езуса Хрыста, які ўзяў на сябе грахі, каб збавіць чалавецтва, уваскрос і даў надзею
на вечнае жыццё. На значэнне гэтага перыяду паўплывала старажытная практыка падрыхтоўкі
да сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і св. Камуніі дарослых. Яны асаблівым чынам маліліся
і рыхтаваліся, каб падчас святкавання Пасхі ўвайсці ў лона Касцёла. Са старажытных
часоў – адзначыў дыякан Кірыл Бардонаў, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
– у перадвелікодныя дні да пакаяння прыходзілі публічныя грэшнікі, якія таксама вярталіся
ў супольнасць вернікаў. “Гэта быў вельмі адказны момант для іх, да якога яны асаблівым
чынам рыхтаваліся. Кожны чалавек можа зрабіць памылку, таму кожны з нас у Вялікім
посце павінен паглядзець, што у сваім жыцці трэба змяніць”, - звярнуў увагу ён.
Сёння
няма жорсткіх прадпісанняў на конт ужывання ежы на час Вялікага посту. Падобныя правілы
мяняліся на працягу стагоддзяў, і залежалі ад культуры, традыцый – заходняй і ўсходняй.
Да і няма ўвогуле аднаго рэцэпту на ўсіх – гэта вельмі індывідуальна. Але ўсё ж ёсць
вельмі просты духоўны прыём, якім падзяліўся дыякан Кірыл. “Ёсць цудоўная духоўная
практыка – рабіць пастановы. Калі чалавек напрыклад робіць пастанову адмовіцца ад
таго, што перашкаджае ў духоўным жыцці: ад алкаголю ці брыдкаслоўя. Але можа быць
і пазітыўная пастанова – больш маліцца, удзяліць больш увагі сваёй сям’і”.
Вернікі
таксама выкарыстоўваюць час Вялікага посту для споведзі. Асабліва шмат прыходзіць
у апошнюю нядзелю посту, калі трэба адстаяць у вялікай чарзе. Таму святары заклікаюць
не адкладываць гэтай важнай духоўнай практыкі на потым і карыстацца ёй ужо зараз або
падчас рэкалекцый, якія будуць ладзіцца ў кожнай парафіі.