2012-02-21 11:22:37

Аўстрыя: законніцы паразмаўляюць аб сваёй ролі ў Касцёле і грамадстве


RealAudioMP3 Законніцы з усёй Аўстрыі будуць размаўляць аб сваёй ролі ў сучасным Касцёле і грамадстве. У рамках “Штогадовай сустрэчы вышэйшых настаяцельніц” 24-27 лютага яны сабяруцца ў семінарыі горада Фёклабрук. Каля 100 законніц, якія выконваюць кіраўнічыя функцыі ў сваіх кангрэгацыях, з 45 розных супольнасцяў будуць разважаць над тэмай “Езус – настаўнік Жанчын. Чаму вучыў Езус падчас сустрэч з жанчынамі”. Жаночае пытанне з’яўляецца тэмай, якая востра стаіць перад сучасным Касцёлам, заявіла с. Кордзіс Фоерштайн, генеральны сакратар асацыяцыі манаскіх супольнасцяў Аўстрыі ў інтэрв’ю “Kathpress”. На яе думку, недахоп жаночых манаскіх пакліканняў нараджае наступныя праблемы, такія як: вялікі ўзроставы разрыў у супольнасцях, а таксама факт, што маладыя людзі прыходзяць у манаскае жыццё з зусім іншай матывацыяй, чым гэта было раней. Сёння яны маюць часцей за ўсё вышэйшую адукацыю і вопыт працы ў розных сферах. Таму пытанне: “Як быць і працаваць з такімі жанчынамі?” – павінна ставіцца сёння ўнутры Касцёла, заявіла с. Кордзіс.

Па статыстыцы ў Аўстрыі толькі каля 200 мясцовых законніц знаходзяцца ва ўзросце да 40 гадоў. Паводле генеральнай сакратар, узнікае пытанне: “Што трэба рабіць, каб быць па-ранейшаму прысутнымі ў Касцёле і грамадстве”. Гэта тэма будзе прысутнічаць не толькі падчас сустрэчы, але і ў бліжэйшым будучым. Паводле с. Кордэс, тут патрэбна “новае мысленне”, якое можа быць балючым, паколькі прынясе развітанне з многімі рэчамі з мінулага.







All the contents on this site are copyrighted ©.