Эстонскі кампазітар стаў членам Папскай рады па культуры
Славуты эстонскі кампазітар
Арво Пярт стаў членам Папскай рады па культуры. “L’Osservatore Romano” змяшчае інтэрв’ю
з ім. Творца ўзгадвае так званы “момант маўчання”, перапынку ў сваёй творчай дзейнасці,
з 1968 г. па 1976 г. Вынікам гэтай творчай паўзы стала стварэнне арыгінальнага стылю
пад назвай “tintinnabuli”, ад лацінскага “званок”. Сам кампазітар лічыць, што цалкам
дастаткова, калі ў творы прыгожа загучыць хаця б адна нота. “Яна або ціхі ўдар, або
хвіліна маўчання – прыносяць мне адпачынак”, - заявіў славуты эстонец.
“L’Osservatore”
адзначае, што кампазітар прымаў удзел у прэзентацыі каталога выставы “Бляск Праўды,
прыгажосць Любові”, якую творцы з усяго свету прысвяцілі Бэнэдыкту ХVI з нагоды 60-годдзя
яго святарства. “Я пакіраваў спевам “Ойча наш” з салістам і фартэпіяна. Для мяне быў
вялікі гонар выканаць гэты твор падчас урачыстага адкрыцця выставы, і затым прадставіць
яе Святому Айцу”, - прызнаўся Арво Пярт. Ён адзначыў, што з вялікім гонарам прыняў
запрашэнне стаць членам Папскай рады па культуры. “Хоць я не адчуваю сябе годным і
здольным стаць кансультантам, для мяне гэтае прызначэнне з’яўляецца выяўленнем волі
Святога Айца. Я з вялікім задавальненнем аддам свае малыя магчымасці, якія ёсць у
маім распараджэнні, на служэнне Папскай радзе па культуры”, - адзначыў эстонскі кампазітар
Арво Пярт у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano”.