2012-02-20 10:18:11

Папа да новых кардыналаў: кожнаму давераны дар любові, якім трэба дзяліцца з іншымі


RealAudioMP3 На дар любові, якім трэба дзяліцца з іншымі разам са сведчаннем жыцця, звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI падчас св. Імшы ў ватыканскай базыліцы разам з 22 новымі пурпуратамі, якіх учора далучыў да Калегіі кардыналаў. Яна была адпраўлена паводле фармуляра з 22 лютага, калі ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Катэдры св. Пятра. Сёлета на гэту дату прыпадае Папяльцовая серада, таму ўрачыстасць у Ватыкане была перанесена на гэту нядзелю. Святы Айцец, звяртаючыся да 22 кардыналаў, падкрэсліў, што іх “новая годнасць – гэта ацэнка іх вернай і добрасумленнай працы ў вінаградніку Пана, павага да супольнасцяў і народаў, з якіх яны паходзяць, прызначэнне новых, больш важных абавязкаў у Касцёле і, нарэшце, просьба аб яшчэ большай адкрытасці для Хрыста і ўсёй хрысціянскай супольнасці”.

Значную частку гаміліі Папа прысвяціў разважанню над сімволікай базылікі св. Пятра. “Калі мы ідзём па вялікаму цэнтральнаму нефу і перакрочыўшы трансэпт прыходзім да апсіды, мы сутыкаемся з велізарным тронам з бронзы, які, здаецца, узносіцца, але на самой справе падтрымліваецца чатырма статуямі вялікіх Айцоў Касцёла Усходу і Захаду. І над тронам, акружаным трыумфам анёлаў, якія ўзносяцца ў паветры, свеціць у авальным акне слава Святога Духа”, - звярнуў увагу Пантыфік, нагадваючы вобразы, вядомыя кожнаму пілігрыму, які наведваў некалі ватыканскую базыліку. Акно апсіды, паводле Папы, адкрывае Касцёл на знешні свет, усё тварэнне, а выява голуба Святога Духа паказвае Бога як крыніцу святла. “Але ёсць і іншы аспект, які варта заўважыць, - звярнуў увагу Святы Айцец, - сам Касцёл, на самой справе, з’яўляецца як акно, месцам, дзе Бог робіць сябе блізкім, ідзе насустрач нашаму свету”.

Звяртаючыся да сімволікі ватыканска базылікі, Святы Айцец падкрэсліў, што “сапраўдная вера заўсёды асвечана любоўю і вядзе да любові, уверх, так як Алтар Катэдры ўздымаецца да яснага акна, хвалы Святога Духа”(...).

У заключэнні Пантыфік, звяртаючыся да новых кардыналаў, нагадаў, што кожнаму з іх давераны дар любові: “гэта дар, якім трэба дзяліцца з іншымі разам са сведчаннем нашага жыцця”.







All the contents on this site are copyrighted ©.