2012-02-20 10:19:10

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: паслуга кардыналаў – сведчанне крыві і любові


RealAudioMP3 Апецы Найсвяцейшай Панны Марыі даверыў новых кардыналаў папа Бэнэдыкт XVI падчас разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі” 19 лютага. Святы Айцец заклікаў усіх сабраных на плошчы св. Пятра вернікаў далучыцца да яго малітвы за новых членаў Калегіі кардыналаў, якія, прыняўшы на сябе новую годнасць, сталі самымі блізкімі супрацоўнікамі Наступніка св. Пятра, што звязана з яшчэ большай адказнасцю і прыняццем на сябе яшчэ большых выпрабаванняў. “Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся да вернікаў Святы Айцец. - Гэта нядзеля па-асабліваму ўрачыстая, тут, у Ватыкане, па прычыне ўчарашняй кансысторыі, падчас якой я надаў кардынальскую годнасць 22 новым іерархам. Разам з імі з радасцю я канцэлебраваў сёння раніцай Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра, ля магілы Апостала, якога Езус паклікаў быць “скалой”, на якой збудуе свой Касцёл (пар. Мц 16,18). Таму я заклікаю вас усіх далучыць вашу малітву за гэтых шаноўных братоў, якія цяпер яшчэ больш уключыліся ў супрацоўніцтва са мной у кіраванні паўсюдным Касцёлам і сведчанні Евангелля, нават да ахвяры свайго жыцця. Гэта азначае чырвоны колер іх адзення: колер крыві і любові.

Некаторыя з іх працуюць у Рыме, на службе Апостальскай Сталіцы, другія з’яўляюцца пастырамі важных дыяцэзіяльных Касцёлаў, іншыя былі адзначаны дзякуючы доўгай і каштоўнай навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Цяпер яны з’яўляюцца часткай Калегіі, якая найбольш цесна падтрымлівае Папу ў яго служэнні адзінства і евангелізацыі: мы прымаем іх з радасцю, памятаючы, што Езус сказаў дванаццаці апосталам. “Хто хоча быць першым між вамі, хай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх” (Мк 10,44-45).

Гэта касцёльная падзея ўпісваецца ў кантэкст літургічнага свята Катэдры св. Пятра, якое адзначаецца ўжо сёння, бо 22 лютага – у дзень самаго свята – будзе Папяльцовая серада, пачатак Вялікага посту. “Катэдра” – гэта месца прызначанае для біскупа, адсюль і тытул “катэдры”, які даецца касцёлу, дзе менавіта біскуп узначальвае літургію і навучае народ. Катэдра св. Пятра, прадстаўленая ў апсыдзе базылікі св. Пятра манументальнай скульптурай Берніні, з’яўляецца сімвалам асаблівай місіі Пятра і яго наступнікаў, пасвіць статак Хрыстовы, захоўваючы яго адзінства ў веры і любові. Ужо ў другім стагоддзі св. Ігнацый з Антыёхіі прызнаваў за Касцёлам у Рыме асаблівае першынства, вітаючы яго ў сваім пасланні да Рымлянаў, як таго, які “старшынствуе ў любові”. Гэта адмысловае заданне паслугі супольнасці Рыма і яе біскупа зыходзіць з факту, што ў гэтым горадзе пралілі сваю кроў апосталы Пётр і Павел, а таксама многія іншыя мучанікі. Мы вяртаемся, такім чынам, да сведчання крыві і любові. Катэдра св. Пятра з’яўляецца, такім чынам, знакам улады, але ўлады Хрыста, заснаванай на веры і любові.

Дарагія сябры, мы давяраем новых кардыналаў матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, каб заўсёды дапамагала ім у касцёльным служэнні і падтрымлівала перад абліччам выпрабаванняў. Марыя, Маці Касцёла, дапамажы мне і маім супрацоўнікам нястомна працаваць для адзінства народа Божага і абвяшчэння ўсім народам паслання збаўлення, выконваючы пакорна і мужна паслугу праўды ў любові”.







All the contents on this site are copyrighted ©.