2012-02-18 11:54:21

Бэнэдыкт ХVI да новых кардыналаў: вы не можаце ўсумніцца ў дарозе, паказанай Хрыстом


RealAudioMP3 18 лютага ў базыліцы св. Пятра прайшла звычайная публічная кансісторыя. Яе галоўнай часткай стала св. Імша, якую ўзначаліў Бэнэдыкт ХVI. Падчас яе 22 новыя кардыналы атрымалі з рук Пантыфіка пурпурныя берэты – знак кардынальскай годнасці, і залатыя пярсцёнкі, якія сімвалізуюць адзінства Калегіі кардыналаў з Папам. Святы Айцец прызначыў кожнаму з новых пурпуратаў тытыулярны касцёл або дыяконію. Бэнэдыкт ХVI звярнуўся да сабраных у базыліцы св. Пятра са сваёй прамовай. Пантыфік падкрэсліў, што “новыя кардыналы, атрымаўшы тытул аднаго з Касцёлаў Рыма або дыяцэзіі, былі ўключаны з усімі наступствамі ў Рымскі Касцёл, які вядзе Наступнік св. Пятра, каб цесна супрацоўнічаць з ім у кіраванні паўсюдным Касцёлам”. Папа адзначыў, што новыя члены Калегіі кардыналаў уваходзяць такім чынам у больш цесную сувязь з усёй супольнасцю вернікаў. Святы Айцец нагадаў аб абавязку кардыналаў разглядаць і ацэньваць падзеі, праблемы і душпастырскія пытанні, якія датычаць місіі Касцёла. “У гэтым цяжкім заданні прыкладам і дапамогай павінна быць сведчанне веры, якое даў сваім жыццём і смерцю Князь Апосталаў, што з любові да Хрыста цалкам аддаў сябе самаго аж да найвышэйшай ахвяры”, - сказаў Папа.

“Новым кардыналам даручана паслуга любові: любові да Бога, Касцёла і братоў, з абсалютнай і безумоўнай адднасцю, калі неабходна, аж да праліцця крыві, як гаворыць формула налажэння берэту і сімвалізуе чырвоны колер кардынальскай вопраткі. Ад іх патрабуецца служэнне Касцёлу з любоўю і сілай, з яснасцю і мудрасцю настаўнікаў, з энергіяй і мужнасцю мучанікаў. Яны павінны быць выдатнымі слугамі Касцёла, які ў Пятры знаходзіць бачны фундамент адзінства”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што паслуга новых пурпуратаў будзе адбывацца ў свеце, у якім змагаюцца паміж сабой панаванне і служба, эгаізм і альтруізм, валоданне і дар, разлік і бескарыслівасць. Але яны не могуць усумніцца ў дарозе, паказанай Хрыстом, які не абмежаваўся толькі да ўказання яе словамі, “але жыве сёння ў сваім уласным целе”. Святы Айцец зацытаваў словы з 10 раздзелу Евангелля св. Марка: “Бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць душу Сваю на адкупленне многіх”. “Гэтыя словы асвятляюць з незвычайнай інтэнсіўнасцю сённяшнюю публічную кансісіторыю. Яны гучаць у глыбіні душы і з’яўляюцца заклікам і напамінам, даручэннем і падтрымкай асабліва для вас, дарагія і паважаныя браты, якія сёння былі залічаны да Калегіі кардыналаў”, - адзначыў Пантыфік.







All the contents on this site are copyrighted ©.