2012-02-16 16:22:58

Папскі цырымонімайстар аб гісторыі кансісторый


RealAudioMP3 Напярэдадні кансісторыі, якая адбудзецца 18 лютага, кс. прэлат Гвідо Марыні, кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый на старонках “L’Osservatore Romano” звяртае ўвагу на паходжанне і развіццё абраду. “Раней цырымонія надання кардынальскай годнасці адбывалася падчас сакрэтнай кансісторыі. Адразу пасля гэтага новыя кардыналы, якія пражывалі ў Рыме інфармаваліся аб наданні ім гэтай годнасці праз атрыманне спецыяльнага “білета”, - паведаміў арцыбіскуп Марыні. Затым кардыналы прыбывалі ў Апостальскі Палац, каб атрымаць пурпурны берэт з рук Святога Айца. “Новыя кардыналы, якія жылі па-за Рымам атрымлівалі берэты праз спецыяльных дэлегатаў. Такія іерархі цягам аднаго году павінны былі наведаць Рым, каб сустрэцца з Пантыфікам асабіста і атрымаць з яго рук пурпурны капялюш і паведамленне аб прызначаным ім рымскім касцёле або дыяконіі”, - адзначыў галоўны папскі цырымонімайстар.

Святар падкрэсліў, што публічныя кансісторыі праходзілі звычайна ў базыліцы св. Пятра, але таксама і ў Сіксцінскай капліцы і Залі Кансісторыяў у Апостальскім Палацы. Падчас яго новыя кардыналы складалі прысягу вернасці Святому Айцу, атрымлівалі пурпурныя капелюшы, слухалі прамову Папы, а затым атрымлівалі кардынальскія пярсцёнкі.

Кс. прэлат Марыні распавёў, што падчас ІІ Ватыканскага Сабора цырымонія кансісторыі была зменена: яна стала больш простай, аднак у ёй захаваліся сутнасна важныя элементы. У абрадзе надання кардынальскай годнасці захавалася ўручэнне пурпурнага берэту, замест капелюша, і наданне тытулу. Уручэнне пярсёнкаў было перанесена на наступны дзень, калі новыя кардыналы цэлебравалі св. Імшу разам са Святы Айцом. “Новы абрад кансісторыі ўпершыню правёў папа Павел VI у чэрвені 1969 г.”, - адзначыў кс. Марыні.

Cвятар падкрэсліў, што апошнія невялікія змены ў абрадзе былі здзейснены ўжо пры Бэнэдыкце XVI у 2007 г. Яны тычыліся вопраткі Святога Айца, увядзення моманту малітвы перад магілай апостала Пятра і скарачэння літургічных тэкстаў. Акрамя таго, уручэнне залатых пярсцёнкаў і прызначэнне тытулу ці дыяконіі адбываецца зараз не назаўтра, а ў першы дзень кансісторыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.