2012-02-16 13:43:25

Бэнэдыкт XVI: культура, насычаная верай, вядзе да сапраўднай гуманізацыі


RealAudioMP3 16 лютага Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі сімпозіўма біскупаў Афрыкі і Еўропы, які 13-17 лютага прахозіць у Рыме на тэму “Евангелізацыя сёння: супольнасць і пастырскае супрацоўніцтва паміж Афрыкай і Еўропай”. Звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай Залі Апостальскага Палаца ў Ватыкане іерархаў, Пантыфік адзначыў, што перад імі стаяць складаныя супольныя выклікі, звязаныя з абыякавасцю да рэлігіі, існаваннем секулярызаванага асяродка, варожага хрысціянскай веры, геданізму, які паўплываў на крызіс маральных каштоўнасцяў у штодзённым жыцці. Акрамя таго, Папа звярнуў увагу на сацыяльныя праблемы, прычынай якіх з’яўляецца распаўсюд парнаграфіі і прастытуцыя. Cвяты Айцец адзначыў, што гэтыя выклікі павінны стаць крыніцай для адноўленай пастырскай дзейнасці. “У афрыканскім і еўрапейскім грамадствах існуе нямала добрых сіл, многія з якіх кіруюць парафіяльным жыццём і адрозніваюцца асабістай святасцю і апостальскай дзейнасцю. Я жадаю, каб з вашай дапамогай, яны маглі стаць сапраўднымі жывымі ячэйкамі новай евангелізацыі”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў біскупаў, звярнуць асаблівую увагу на праблемы сям’і. “У сям’і, у якой захоўваюцца традыцыі, звычаі, абрады, прасякнутыя верай, знаходзіцца спрыяльная глеба для росквіту пакліканняў”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Акрамя таго, Святы Айцец адзначыў, што сям’я з’яўляецца вельмі важнай для выхавання моладзі. “Еўропа і Афрыка маюць патрэбу ў шчырых маладых людзях, якія будуць здольнымі адказна клапаціцца аб будучыні”, - адзначыў Папа.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў выхаванні новага пакалення важную ролю грае культурнае вымярэнне. Папа нагадаў, што Касцёл спрыяе развіццю сапраўдных формаў культур, якім дае багацце Божага Слова і ласкі, што паходзіць ад Пасхальнай таямніцы Хрыста. “Касцёл паважае кожнае адкрыццё праўды, бо ўсялякая праўда паходзіць ад Бога, але таксама ведае, што позірк, скіраваны на Хрыста, адкрывае розум і сэрца чалавека на Першую Праўду, якой з’яўляецца Бог. Такім чынам, культура насычаная верай вядзе да сапраўднай гуманізацыі, у той час, як фальшывыя культуры вядуць да дэгуманізацыі: у Еўропе і Азіі мы маем сумныя прыклады гэтага”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.