2012-02-15 12:38:34

Канферэнцыя Біскупаў Літвы кансультуе Маскоўскі Патрыярхат


RealAudioMP3 У Маскве прайшла другая сустрэча паміж прадстаўнікамі Рускай Праваслаўнай Царквы і Канферэнцыяй Біскупаў Літвы. У цэнтры ўвагі было навучанне рэлігіі ў дзяржаўных школах. Удзельнікі адзначылі, што “навучанне рэлігіі не супярэчыць свецкаму характару адукацыі. Наадварот, мае важнае значэнне для фарміравання асобы і ўносіць істотны уклад ва ўмацаванне міру паміж рэлігіяй і грамадствам”. Мітрапаліт Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату у сваім выступленні падкрэсліў важнасць экуменічнага дыялогу і супрацоўніцтва па вострых пытаннях, звязаных з захаваннем хрысціянскай ідэнтычнасці Еўропы.

У Расіі пасля доўгага абмеркавання, у якім прынялі ўдзел шматлікія слаі грамадства, урад вырашыў, што пачынаючы з наступнага навучальнага года выкладанне рэлігіі стане абавязковым ва ўсіх школах краіны. На думку Мітрапаліта Іларыёна, праз некалькі гадоў будуць бачныя станоўчыя плёны гэтага рашэння.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Літвы арцыбіскуп Сігітас Тамкевічус, ілюструючы сітуацыю ў сваёй краіне, заявіў, што рэлігійнае і маральнае выхаванне дзяцей з’яўляецца неад’емным правам грамадзян Літвы.

Першая сустрэча такога тыпу прайшла ў Каўнасе ў студзені 2011 г. На ёй абмяркоўваліся заданні хрысціян перад выклікамі секулярызацыі інстытута сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.