Бэнэдыкт XVI: нават пасля памылковага жыцця, можна сустрэць распасцёртыя рукі добрага
Айца
15 лютага Бэнэдыкт
XVI сустрэўся з вернікамі падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі
Паўла VI у Ватыкане. Як і на мінулым тыдні, Папа прысвяціў катэхезу малітве Езуса
на крыжы. Аднак сёння фундаментам для разважанняў Пантыфіка стала апісанне гэтага
моманту евангелістам Лукой, які звяртаў асаблівую ўвагу на тры фразы ўкрыжаванага
Хрыста: першая і трэццяя былі скіраваны да Айца, а другая да злачынцы ўкрыжаванага
побач. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што першую малітву Езус прамовіў адразу пасля таго,
як быў прыбіты да крыжа, у той час, калі салдаты дзялілі паміж сабой Яго вопратку.
Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць што робяць”. Святы Айцец падкрэсліў,
што гэтымі словамі Хрыстус не толькі прабачыў сваіх забойцаў, але і знайшоў прычыну
для таго, каб іх апраўдаць перад вачыма Айца. “Згодна з Яго словамі, людзі, якія Яго
ўкрыжавалі “не ведалі, што робяць (...) Гэта недасведчаннасць адкрыла ім шлях да навяртання,
што і адбылося. Аб гэтым сведчаць словы цэнтурыёна, прамоўленыя пасля смерці Езуса:
“Сапраўды, гэты чалавек быў справядлівы!”, - падкрэсліў Пантыфік.
Другую фразу
Хрыста Папа назваў “фразай надзеі”. Гаворка ідзе пра адказ на малітву аднаго з двух
людзей, якія былі ўкрыжаваня разам з Езусам. На просьбу злачынцы ўзгадаць аб ім ў
Валадарстве Нябесным, Пан адказаў: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі”.
“Езус быў свядомы таго, што ён непасрэдна ўвойдзе ў адзінства з Айцом і адкрые чалавеку
шлях у Божы рай. Так, праз свой адказ, Ён падараваў надзею, на тое, што праз шчырую
малітву, Божую дабрыню можна спазнаць нават у апошні момант жыцця. Нават пасля памылковага
жыцця, можна сустрэць адкрытыя рукі добрага Айца, які чакае вяртання сына”, - сказаў
Бэнэдыкт XVI.
Трэццяй фразай паміраючага на крыжы Хрыста, быў зварот да Бога:
“Ойча, у рукі Твае аддаю дух мой”. Папа адзначыў, што евангеліст Лука, апісваючы гэты
момант падкрэсліў, што напярэдадні “сонца зацьмілася і заслона ў святыні разарвалася
пасярэдзіне”. “Смерць Езуса была ясна ахарактарызавана, як падзея касмічная і літургічная;
асабліва, яна сімвалізуе пачатак новага культу ў святыні, пабудаванай не людзьмі,
бо гэта само Цела Езуса памерлага і ўваскрослага, збірае народы і аб’ядноўвае іх у
сакрамэнце яго Цела і Крыві”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што
гаворачы, аб перадачы свайго духа ў рукі Айца, Езус выразіў свой поўны давер да Яго.
Папа звярнуў увагу на тое, што малітва Хрыста перад абліччам смерці была драматычнай,
як і для кожнага чалавека, але ў той жа час, яна была адзначана глыбокім спакоем,
крыніцай ягога быў давер да Айца і жаданне пацвердзіць сваю поўную прыналежнасць да
Яго. “Езус дазволіў аддаць сябе “у рукі людзей”, але ў рукі Айца Ён аддаў свой дух.
Так, паводле св. Яна Евангеліста, усё споўнілася. Быў закончаны найвышэйшы акт любові
– да канца і нават больш чым да канца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.
Папа адзначыў,
што словы Езуса, прамоўленыя на крыжы ў апошнія хвіліны Яго зямнога жыцця з’яўляюцца
пракладам для нашай малітвы, напоўненай спакойным даверам і моцнай надзеяй. “Езус,
калі прасіў Айца прабачыць сваіх забойцаў, заклікаў нас да складанага жэсту – малітвы
за тых, хто нас мучае і шкодзіць. Ён вучыць нас прабачаць заўсёды і ведаць, што святло
Бога можа асвяціць іх сэрцы; запрашае жыць у нашай малітве той міласэрнасцю і любоўю,
якую Ён мае да нас”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.
Пасля катэхезы Папа прывітаў шматлікіх
пілігрымаў з розных краін свету, сярод якіх былі прадстаўнікі Асацыяцыі шматдзетных
сем’яў Італіі. Звяртаючыся да іх Святы Айцец падкрэсліў, што ў сучаным сацыяльным
кантэксце сем’і з вялікай колькасцю дзяцей з’яўляюцца сведкамі веры, мужнасці і аптымізма,
бо без дзяцей няма будучыні.