2012-02-14 12:07:40

Дэлегацыя брытанскага ўраду знаходзіцца з візітам у Ватыкане


RealAudioMP3 14-15 лютага з афіцыйным візітам у Ватыкане прабывае дэлегацыя ўраду Вялікабрытаніі, якую ўзначальвае баранэса Саеда Варсі. Упершыню члены еўрапейскага ўрада запрошаны, каб публічна абмеркаваць праблемы Еўропы сумесна з прадстаўнікамі ватыканскай дыпламатыі. Пасол Вялікабрытаніі пры Апостальскай Сталіцы Найгел Бэйкер адзначыў, што дэлегацыя прыбыла ў Ватыкан, каб падзякаваць Святому Айцу за яго візіт ў Вялікабрытанію ў верасні 2010 г і пацвердзіць жаданне ўрада працягваць шлях, які быў пачаты падчас візіту Пантыфіка. “Вялікабрытанія і Апостальская Сталіца маюць падобны погляд на шматлікія міжнародныя пытанні”, - адзначыў пасол. Бэнэдыкт ХVI сустрэнецца з дэлегацыяй падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду 15 лютага.

Брытанскі ўрад хоча атрымаць падтрымку Святога Пасаду ў арганізацыі канферэнцыі на тэму будучыні Самалі, якая пройдзе ў Лондане 23 лютага 2012 г., і пачаць супрацоўніцтва з Апостальскай Сталіцай на розных узроўнях: пачынаючы ад сусветнага гуманітарнага крызісу і палітычнага крызісу на Блізкім Усходзе да міжнародных пагадненняў у барацьбе з гандлем зброяй.

Баранэса Саеда Варсі, дарэчы, мусульманка, прыме ўдзел ва ўрачыстай вячэры па запрашэнні кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ, а таксама сустрэнецца з Сакратаром па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці і кіраўнікамі розных аддзелаў Рымскай Курыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.