2012-02-13 15:49:44

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Жыць перспектывай вечнасці


RealAudioMP3 У папярэдніх разважаннях мы заўважылі, наколькі клопаты зямнога жыцця абумоўліваюць нашую веру. У залежнасці ад таго, у якім сацыяльным асяроддзі нараджаецца чалавек, можна гаварыць або пра духоўна спрыяльныя, або небяспечныя ўмовы. Характэрнай рысай секулярнага грамадства з’яўляюцца парадоксы ў галіне забеспячэння рэальных умоваў грамадскага жыцця. Ідэалогія свецкасці часта пазіцыяніруецца як неабходнасць дэмакратыі, платформа вольнасці і плюралізму. Адначасова рэлігія падаецца тут як вораг чалавечай свабоды, як цывілізацыйны тормаз. Ствараецца штучны канфлікт паміж рэлігіяй і свабодай. А пасля пераслед рэлігіі апраўдваецца як забеспячэнне вольнасці грамадзянаў. У практыцы ўсё зводзіцца да прапаганды атэізму і зацяснення чалавека толькі ў рамкі клопату аб прыземістых справах.

Па сутнасці канфлікт паміж секулярным і хрысціянскім светапоглядам зводзіцца да дыскусіі аб двух спосабах сузірання чалавечага жыцця. Хрысціянства заклікае чалавека перажываць сваё зямное жыццё ў перспектыве вечнасці, дбаць аб адносінах са звышнатуральным Богам, памятаць пра духоўныя патрэбы. А секулярызм робіць усё наадварот. Ён заклікае чалавека завузіць жыццё толькі да зямных клопатаў, завузіць адносіны толькі да міжчалавечых, дбаць перадусім аб матэрыяльных патрэбах. У выніку, жыццё католіка ў секулярным грамадстве ператвараецца ў балансаванне паміж дзвюмя сістэмамі каардынат, паміж дзвюмя супрацьлеглымі перспектывамі жыцця – зямной і вечнай.

У нашай сённяшняй перадачы я хацеў бы звярнуцца да разгляду чарговага тыпу рэлігійнасці, які ўзнікае ў выніку змяшання секулярнага і каталіцкага светапогляду. У папярэдніх разважаннях мы ўжо абмеркавалі некаторыя тыпы веры. Гаворка ішла пра “ідэальную” хрысціянскую рэлігійнасць (тып веруючага і практыкуючага хрысціяніна), пра рытуалізм (гэта значыць зацыкленасць толькі на абрадах і практыках), ліберальную веру (якая адкідвае традыцыі), а таксама пра рэлігійную абыякавасць. Сёння пастараемся звярнуць увагу на тую катэгорыю вернікаў, якіх часта акрэсліваюць як рэлігійных бунтароў, наватараў або нават рэвалюцыянераў.

Бунтарская рэлігійнасць характарызуецца пастаяннай незадаволенасцю асобы верай акружэння або ўмовамі, якія пануюць у нейкай духоўнай супольнасці. Гэта тып верніка, які ўвесь час імкнецца ўсё мяняць, бо ва ўсім бачыць недасканаласць, пагрозу стагнацыі. Духоўным рухавіком такой асобы з’яўляецца прынцып: “разбурыць старое, пабудаваць новае”. І ў залежнасці ад духоўнага ўзроўню, адны людзі такога тыпу канцэнтруюцца на неабходнасці “разбурання”, а другія - “будавання”. Такія вернікі пастаяннага шукаюць новыя духоўныя перажыванні, прыдумваюць новыя формы знешняга выразу веры, эксперыментуюць як ва ўнутраных, так і ў знешніх праяўленнях рэлігійнасці.

Неабходна заўважыць, што працэс секулярызацыі, засяроджвання на зямным, вельмі моцна падсілкоўвае менавіта такі тып веры. Бо секулярны прадыход да жыцця змушае чалавека апірацца толькі на свае сілы. Тэарэтычна такі католік можа ведаць, што чалавек не шмат можа без Божай ласкі (звышнатуральнай дапамогі). Але жыццёвая практыка будзе здраджваць самадастатковасць.

Вернік, які глядзіць на Касцёл праз прызму “чалавечага фактару” будзе баяцца за лёс хрысціянства, будзе імкнуцца ратаваць, ваяваць з “няправільнымі”, нешта камбінаваць дзеля выжывання. Гэта тып чалавека, які у тэорыі лічыць Езуса Збавіцелем, але у практыцы – самога сябе. Гэта асоба, якая так заклапочаная злом, што не бачыць, або недаацэньвае дабро. Яна забяспечвае сябе і акружэнне перад “чалавечым фактарам”, але забывае пра “фактар Бога”.

Секулярная ментальнасць імкнецца заблакаваць чалавека на перспектыву вечнасці і зафіксаваць яго толькі на зямным. Пры гэтым прапагандуецца такі падыход да жыцця, дзе чалавек здадзены на самога сябе, павінен сам сябе ратаваць. На гэтую справу звярнуў увагу Папа Бэнэдыкт 16-ты у сваім пасланні на Божае Нараджэнне, якое мы нядаўна перажывалі. Між іншым Пантыфік казаў: “(Езус) быў пасланы Богам Айцом, каб нас збавіць перадусім ад глыбокага зла, укаранёнага ў чалавеку і ў гісторыі, зла, якім з’яўляецца аддзеленасць ад Бога, самадавольная пыха, што можа рабіць усё сам, канкурыраваць з Богам і замяніць Яго, вырашаць, што добрае, а што дрэннае, быць панам жыцця і смерці. Гэта вялікае зло, з якога мы людзі не можам выратавацца інакш, як толькі спадзеючыся на Божую дапамогу”.

Здаецца, католікам у секулярным грамадстве неабходна часта прыпамінаць аб тым, што наватарства, “разбурэнне” і “будаванне” ў справах веры належыць толькі Богу. Варта ўзгадваць, што Божая ласка з’яўляецца неабходнай умовай Збаўлення і што не чалавек ратуе, але Бог. Тады кожная перамена будзе вызначаццца не капрызамі чалавека, але дзеяннем Духа Святога, які жадае дапамагчы кожнаму перажываць свой зямны шлях у перспектыве вечнага жыцця з Богам.
кс. Андрэй Рылка








All the contents on this site are copyrighted ©.