2012-02-13 14:48:44

Кардынал Рылка: быць хрысціянамі – гэта прыгожа


RealAudioMP3 12 лютага старшыня Папскай рады па справах свецкіх кардынал Станіслаў Рылка сустрэўся з членамі Рады рухаў свецкіх вернікаў пры Біскупскай Канферэнцыі Славакіі, якія прыбылі ў Рым, каб ушанаваць рэліквіі св. Кірыла. У прамове да іх іерарх адзначыў, што галоўнымі дзеючымі асобамі ў справе новай евангелізацыі з’яўляюцца менавіта свецкія вернікі. Іерарх звярнуў увагу на тое, што перад Касцёлам стаяць шматлікія выклікі. Ён нагадаў словы Бэнэдыкта XVI аб тым, што “неабходна сур’ёзна паразважаць, якім чынам магчыма эфектыўна рэалізаваць евангелізацыю”.

“Евангелле заўсёды застаецца такім самым, але свет глыбока і вельмі хутка змяняецца. Таму трэба шукаць новыя шляхі, каб данесці Евангелле да нашых сучаснікаў”, - сказаў кардынал Рылка.

Іерарх звярнуў увагу на тры аспекты, якія дапамогуць у выкананні гэтай місіі.
Першы з іх тычыцца яснага разумення хрысціянскай ідэнтычнасці. “У пост-мадэрніскай культуры пытанне аб хрысціянскай ідэнтычнасці знаходзіцца ў небяспецы”, адзначыў кардынал і падкрэсліў, што перад абліччам пануючых рэлятывізма і павярхоўнасці неабходна сведчыць аб тым, што быць хрысціянамі, гэта прыгожа. Другім аспектам, на які звярнуў увагу кардынал Рылка з’яўляецца неабходнасць у прысутнасці хрысціян у розных сферах грамадскага жыцця. “Папа Ратцынгер заахвочвае нас прыняць у свеце ролю “крэатыўнай меншасці” – гэта значыць тых, хто па-сапраўднаму можа вызначыць будучыню чалавецтва”, - сказаў іерарх. Нарэшце, трэцім важным патрабаваннем для сучасных хрысціян, на думку кардынала з’яўляецца неабходнасціь паставіць Хрыста ў цэнтр уласнага жыцця. “Мы маем патрэбу у людзях чый розум асветлены святлом Бога, а сэрцы адкрыты для Яго, каб і яны маглі прамаўляць да розуму іншых і адкрываць іх сэрцы. Толькі праз людзей, да якіх дакрануўся Бог, Ён можа зноў пасяліцца сярод нас”, - сказаў кардынал Рылка.








All the contents on this site are copyrighted ©.