2012-02-13 17:33:03

"З сэрцам у кантакце". Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Экзарх Антон (Неманцэвіч)


RealAudioMP3 У мінулай перадачы я пачаў распавядаць пра герояў Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы XX-га стагодзьдзя – айцоў-марыянаў ды а. Антона (Неманцэвіча) – езуіта. Усе яны працавалі ў візантыйскім, грэка-каталіцкім абрадзе, усе яны любілі ўсім сваім жыцьцём Ісуса Хрыста, Каталіцкую Царкву ды Беларусь... Сёньня я працягваю распавядаць пра лёс а. Антона (Неманцэвіча), Экзарха БГКЦ.

Пропаведзь а. Антона (Немацэвіча)

Айцец Антон ва ўсім сваім жыцьці ды служэньні імкнуўся быць добрым пастырам і сьведкам Евангельля. У жыцьці і душпастырстве а. Антон карыстаўся прынцыпам, які стаўся яго сваеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца».

Ня гледзячы на розьніцы ў веравызнаньні ці палітычных поглядах ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыннікаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаваньне, перад усім, братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі.

Нават калі ён у сваім часопісе "Да Злучэньня" і закранаў палітычныя тэмы, то ацэньваў іх заўсёды з пункту гледжаньня рэлігійнага ды маральнага. Напрыклад, калі ён пісаў артыкулы пра бязбожны камунізм, то ганіў менавіта спробы зладзіць грамадзкае жыцьцё бяз Бога, зьнішчэньне Царквы Хрыстовай і масавае праліцьцё крыві бальшавікамі. Подобным чынам ён ацэньваў таксама нацызм, пішучы пра яго як пра «расавае вар’яцтва» (гл. "Да Злучэньня", 1932 № 8-9).

Чужой для айца Антона была таксама нацыянальная абмежаванасьць. У першай палове дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ён у маскоўскім касьцёле сьвятых Пятра і Паўла служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасьці ды за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў на Валынь, каб працаваць на ўкраінскіх парафіях.

Аднак найбольш блізкай, была для а. Антона праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса «Да Злучэньня», які 1936 г. быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон закладаў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо як Экзарх ён заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь».

На пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г.


Царква – вораг нацызму

Айцец Антон (Неманцэвіч) жыў і працаваў у часы нямецкай акупацыі. Сутыкненьне з акупацыйнымі ўладамі было непазьбежным. Каб накрэсліць у некалькіх сказах стаўленьне нацыстаў да Каталіцкай Царквы, дастаткова тут зацытаваць словы шэфа менскага СД Эдварда Штраўха, якія ён прамовіў 10 красавіка 1943 году:

"Без сумніву – Царква гэта наш вораг. Натуральна, Царква хоча папоўніць тут свае страты, якія яна зазнала ў Эўропе, а асабліва ў Райху. Яна мела намер гэта зрабіць праз пранікненьне да праваслаўнае Царквы, акольным шляхам праз Уніяцкую Царкву [...]. Умовы для яе былі спрыяльныя, і Рыма-каталіцкая Царква прыйшла сюды з вялікай колькасьцю прапаведнікаў і не сустрэла вялікіх цяжкасьцяў [...]. Таму аднадушна мы вырашылі спыніць тут гэтую Рыма-каталіцкую Царкву [...]. Паколькі большасьць духавенства прыняло бок палякаў, мне удалося іх злавіць і скончыць з імі" (Э. Ярмусік, "Католическій костёл на Беларуси в годы второй мировой войны", ст. 227-228).

Відавочна, што для нямецкіх нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў, а можа нават у асаблівы спосаб сьвятароў грэка-каталіцкіх, зьяўлялася небясьпечнай. Вось чаму і лічылі яны Царкву сваім ворагам. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што пакорны і руплівы сьведка Евангельля Экзарх Антон Неманцэвіч стаў «пагрозай» для магутнай, антычалавечай нацысцкай сыстэмы.

Мучаніцкі подзьвіг

6 студзеня 1943 г. ў шпіталі менскае турмы СД памёр Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Антон (Неманцэвіч).

У архіўным дакуменце сьцверджваецца: «З меркаваньняў паліцыі бясьпекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. [...] Зважаючы на значэньне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штабкватэру паліцыі бясьпекі і СД Беларусі. Тут ён памер 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудыстай недастатковасьці, якая наступіла пасьля сыпнога тыфу» .

Аднак іншы сьвятар, айцец Леў Гарошка, сьведчыць, што айцец Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і таму меў на яго імунітэт! Вось чаму можна пазгадзіцца з перакананьнем а. Льва, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (сярод тартураў) айца Антона, які быў актыўным душпастырам і высокім царкоўным ярархам. У кожным выпадку можна казаць пра ягонае мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпаньне ў варунках вязьніцы).

Экзарх БГКЦ Антон (Неманцэвіч) быў пахаваны 9.01.1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы.








All the contents on this site are copyrighted ©.