2012-02-13 12:57:07

13 лютага – Сусветны дзень радыё


RealAudioMP3 13 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА першы раз у гісторыі адзначаецца Сусветны дзень радыё. “Радыё ўяўляе сабой сродак інфармацыі, які дае магчымасць дасягнуць вельмі шырокай аўдыторыі, і што асабліва важна, самай маргіналізаванай часткі нашага грамадства”, - адзначыла ў спецыяльным паведамленні прымеркаваным да гэтай падзеі генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава. Па дадзеных Міжнароднага саюза электрасувязі, больш за 75% сем’яў у свеце маюць, прынамсі адзін радыёпрыёмнік. Сёння усё больш людзей выкарыстоўвае радыё у якасці крыніцы інфармацыі і камунікацыі дзякуючы інтэрнэту.

Ватыканскае радыё пачало сваю дзейнасць 12 лютага 1931 г. У першых, эксперэментальных перадачах расказвалася аб дзейнасці Папскай Акадэміі Навук. У часы ІІ Сусветнай вайны, радыё з’яўлялася каштоўным сродкам свабоднай інфармацыі, неглядзячы на цэнзуру і некаторы пераслед з боку фашысцкіх уладаў. Ватыканскае радыё, праз свае паведамленні, дапамагала адшукаць грамадзян і вайскоўцаў, якія зніклі падчас вайны. Затым у краінах Усходняй Еўропы, якія пакутавалі ад камуністычнага пераследу, адсутнасці свабоды і справядлівасці, вернікі з дапамогай радыё маглі пачуць умацоўваючае слова Святога Айца, знаёміцца з таямніцамі хрысціянскай веры і падтрымліваць сувязь з паўсюднай каталіцкай сям’ёй. Менавіта ў гэты час, 6 студзеня 1950 г. Ватыканскае радыё пачало сваю працу, таксама і на беларускай мове. Сёння, на Ватыканскім радыё працуе каля 400 чалавек 60 нацыянальнасцяў, якія аб’яданы ў 40 рэдакцый. Радыё працягвае сваё служэнне Касцёлу і Папе ў дыялогу са светам і часта дае голас тым, хто яго не мае.

Якое месца сярод шматлікіх радыёстанцый, якія існуюць у свеце займае Ватыканскае радыё? Чаго людзі чакаюць ад яго? Ватыканскае радыё гэта не толькі перадача навін рэлігійнага зместу. Сярод шматлікага патоку інфармацыі, які акружае сучаснага чалавека, мы імкнемся, каб кожны мог знайсці кропку апоры – крыніцу інфармацыі аб падзеях у свеце, фундаментам якой з’яўляецца павага да праўды, жыцця, справядлівасці, годнасці кожнай чалавечай асобы створанай на падабенства Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.