Рым: спецыяльная “абсерваторыя” назірае за рэлігійнай свабодай
Нядаўна створаная
ў Рыме “Абсерваторыя па назіранні за рэлігійнай свабодай” правядзе канферэнцыю аб
абароне рэлігійных меншасцяў у розных краінах свету, паведамляе “Fides”. Першая канферэнцыя
інстытута будзе прысвечана абмеркаванню выпадкаў дыскрымінацыі ў розных краінах і
магчымым спосабам абароны ахвяр. Мерапрыемства пройдзе пры ўдзеле вядомых грамадскіх
і рэлігійных дзеячаў. “Абсерваторыя па назіранні за рэлігійнай свабодай” заснавана
муніцыпалітэтам Рыма і Міністэрствам замежных спраў Італіі. Аб яе стварэнні гаварылася
падчас апошняй сустрэчы мэра Рыма Джані Алеманно і папы Бэнэдыкта XVI.
Мэтай
установы, у якой працуюць свецкія вернікі, з’яўляецца распаўсюджванне прынцыпу свабоды
веравызнання, аналіз падзей у свеце, якія тычацца парушэння рэлігійнай свабоды, і
хуткая, “без бюракратычных затрымак”, рэакцыя на іх. Штаб-кватэра інстытута знаходзіцца
ў Рыме. Абсерваторыя плануе праводзіць адукацыйныя семінары, канферэнцыі, сустрэчы
прадстаўнікоў розных рэлігій. Інстытут супрацоўнічае з прадстаўнікамі Святога Пасаду,
якія займаюцца пытаннямі абароны правоў рэлігійных меншасцяў і міжрэлігійнага дыялогу.