2012-02-12 14:49:47

Распушчанасць і нежаданне мець дзяцей – галоўныя прычыны абортаў у Беларусі


RealAudioMP3 Распушчанасць і нежаданне мець дзяцей – галоўныя прычыны абортаў у Беларусі. Такую думку высказалі ўдзельнікі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў краіне цэнтрам "Экоом" у апошнія два месяцы. Каля 1,5 тыс. чалавек разважалі на вострую тэму абортаў. Няпростыя адказы на простыя пытанні паказалі адносіны да гэтай праблемы. Трэцяя месца сярод прычын адвялі матэрыяльным цяжкасцям, а чацвёртае – нізкаму культурнаму ўзроўню. І толькі затым ідуць: адсутнасць мужа і дрэнныя жыллёвыя ўмовы.

Сёння ў Беларусі на 100 цяжарных жанчын прыходзіцца амаль 40 абортаў. За апошнія гады статыстыка палепшылася, але да гэтага часу колькасць абортаў – адна з самых высокіх сярод краін СНД і Еўропы. На жаль, большасць жанчын, якія пазбавіліся першага дзіцяці, назаўсёды застаюцца бясплоднымі.

Галоўнымі праціўнікамі абортаў у краіне сёння з’яўляюцца хрысціяне. Так сумесна з Міністэрствам аховы здароўя Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл у прошлым годзе рэалізавалі пілотны праект па прафілактыцы абортаў. У жаночых кансультацыях валанцёры рабілі спробы размаўляць з жанчынамі і пераконваць іх не рабіць аборт. Праект працягваўся 6 месяцаў, паказаў станоўчыя вынікі і зараз працягваецца. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ліберальнае заканадаўства ў сферы абортаў назваў знішчэннем нацыі і выступіў супраць новага Закону “Аб рэпрадукцыйных тэхлалогіях”, які дазваляе штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Да гэтых паслуг муж і жонка часта звяртаюцца пасля таго, як калісьці пазбавіліся першага дзіцяці, што прывяло да бясплоддзя. Атрымліваецца замкнёнае кола.

Таксама падчас нядаўнага сацапытання жыхароў Беларусі спыталі, як бы яны аднесліся да нечаканай цяжарнасці. 69% захавалі б дзіця, 20% яшчэ не ведаюць, і толькі 4% сказалі, што зрабілі б аборт. Застаецца адно пытанне, чаму ў рэальным жыцці атрымліваецца зусім інакш?







All the contents on this site are copyrighted ©.