2012-02-12 13:52:15

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: Езус стаў “пракажоным”, каб мы былі ачышчаны (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Разважаючы над фрагментам Евангелля пра аздараўленне Езусам пракажонага, перад малітвай “Анёл Панскі” 12 лютага, Святы Айцец заклікаў вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, заўсёды памятаць, што Божая любоў мацнейшая за любое зло. Пасля марыйнай малітвы Бэнэдыкт XVI удзяліў апостальскае благаслаўленне, а затым прывітаў усіх на васьмі мовах. Святы Айцец звярнуўся таксама з настойлівым заклікам спыніць баявыя дзеянні і насілле ў Сірыі, каб у рэгіёне запанаваў справядлівы і трывалы мір. “Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся Бэнэдыкт XVI да сабраных. - У мінулую нядзелю мы ўбачылі, што Езус у сваім публічным жыцці аздаравіў многіх хворых, паказваючы, што Бог хоча для чалавека жыцця, жыцця ў поўні. Евангелле сённяшняй нядзелі (Мк 1, 40-45) паказвае нам Езуса ў сутыкненні з хваробай, якая лічылася ў той час самай сур’ёзнай, да такой ступені, што рабіла чалавека “нячыстым” і выключала яго з грамадскіх адносін: гаворка ідзе пра праказу. Спецыяльнае заканадаўства (гл. Лев 13-14) уводзіла ў кампетэнцыю святароў сцвярджэнне, што дадзены чалавек з’яўляецца пракажоным, гэта значыць нячыстым. Святар павінен быў таксама пацвердзіць, што ён вылечыўся і можа быць дапушчаны да нармальнага жыцця.

Калі Езус падарожнічаў навучаючы па вёсках Галілеі, яму насустрач выйшаў пракажоны і сказаў: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Езус не пазбягае кантакту з гэтым чалавекам, больш за тое – узрушаны непасрэдным удзелам у яго становішчы, працягвае руку і дакранаецца да яго – паміма забароны закона, – і кажа: “Хачу, будзь ачышчаны”. У гэтых жэсце і словах Хрыста месціцца ўся гісторыя збаўлення, увасабляецца воля Бога вылечыць нас, ачысціць ад зла, якое забруджвае нас і разбурае нашы адносіны. У кантакце паміж рукой Езуса і пракажоным былі пераадолены любыя перашкоды паміж Богам і чалавечай нячыстасцю, паміж святым і яго супрацьлегласцю, напэўна не для таго, каб запярэчыць існаванню зла і яго адмоўнай моцы, але, каб паказаць, што Божая любоў мацней, чым любое зло, нават самае заразнае і агіднае. Езус узяў на Сябе нашы хваробы, стаў “пракажоным”, каб мы былі ачышчаны.

Выдатным экзістэнцыяльным каментаром да гэтага Евангелля з’яўляецца знакаміты досвед св. Францішка з Асізі, які ён апісвае на пачатку свайго “Запавету”: “Мне, брату Францішку, Пан даў так пачаць сваё пакаянне: калі я быў у грахах, выгляд пракажоных мяне вельмі раздражняў. І Пан сам паставіў мяне сярод іх, і я аказваў ім міласэрнасць. І калі я пакідаў іх, тое, што раней здавалася мне горкім, ператварылася ў слодыч душы і цела. А затым, не чакаючы шмат, я пакінуў свет”. У гэтых пракажоных, якіх сустрэў св. Францішак, калі быў яшчэ “у грахах”, быў Езус, а калі Францішак падышоў да аднаго з іх і, пераадольваючы агіду, абняў яго, Езус ацаліў яго ад праказы, якой была пыха, і навярнуў яго да любові Бога. Вось перамога Хрыста, Які з’яўляецца нашым глыбокім аздараўленнем і нашым уваскрасеннем да новага жыцця.

Дарагія сябры, давайце звернемся з малітвай да Дзевы Марыі, якую ўшаноўвалі ўчора, успамінаючы яе аб’яўленні ў Лурдзе. Да св. Бернардэты Найсвяцейшая Панна Марыя звярнула ўсцяж актуальны заклік: запрашэнне да малітвы і пакаяння. Праз сваю Маці, Езус пастаянна выходзіць нам насустрач, каб вызваліць нас ад усялякай хваробы душы і цела. Дазволім жа Яму дакрануцца і ачысціць нас і будзем жа міласэрнымі да нашых братоў”.

Пасля сваіх разважанняў Святы Айцец памаліўся з вернікамі “Анёл Панскі” і ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне. Пантыфік звярнуўся таксама з тэрміновым заклікам спыніць рост насілля ў Сірыі. Ён падкрэсліў, што з вялікай трывогай сочыць за драматычнымі выпадкамі насілля ў Сірыі, якія ў апошнія дні прывялі да шматлікіх ахвяр. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што памятае “у сваёй малітве ахвяр, сярод якіх ёсць некалькі дзяцей, параненых і тых, хто пакутуе ад канфлікту, наступствы якога выклікаюць усё большую заклапочанасць”. Папа настойліва заклікаў пакласці канец насіллю і кровапраліццю. “Я запрашаю ўсіх – і перш за ўсё палітычную ўладу Сірыі – уступіць на шлях дыялогу, паяднання і міру”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў сірыйскае кіраўніцтва да тэрміновай рэакцыі на законныя памкненні розных груп народу і пажаданні міжнароднай супольнасці, зацікаўленай агульным дабром грамадства і рэгіёну.







All the contents on this site are copyrighted ©.