2012-02-11 14:22:24

Рым: знойдзены раней невядомы ліст аб мучаніцтве святароў у СССР


RealAudioMP3 Кс. Эўгеніюш Сэнко, польскі іезуіт, супрацоўнік Папскага ўсходняга інстытуту ў Рыме, працуючы з дакументамі ў бібліятэцы, натрапіў на раней невядомы ліст, які напісалі 32 каталіцкія святары супраць рэлігійнага пераследу ў Савецкім Саюзе. Святары адбывалі зняволенне ў ГУЛАГУ на Салавецкіх Астравах. Паводле кс. Сэнко, зняволеныя святары напісалі ліст да Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта 29 чэрвеня 1930 г. Камітэт у 1917-1937 гг. быў вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам дзяржаўнай улады ў СССР. Сярод святароў былі палякі, літоўцы, латышы, рускія і грузіны.

Ліст пачынаецца з апісання незаконных метадаў ОГПУ, якое парушала нормы савецкай канстытуцыі аб свабодзе сумлення. У ім гаворыцца пра пераслед каталіцкіх вернікаў і святароў, а таксама антырэлігійную дзейнасць Саюза ваяўнічых бязбожнікаў, які заклікаў да гэтых пераследаў. Аўтары пішуць пра арышты святароў, якія для ўладаў краіны былі “найгоршым крымінальным элементам”, пра прысуды для нявінных, асуджаных на рабскую працу ў лагерах, дзе не мелі магчымасці атрымліваць лісты ад родных і дапамогі ад іх. “Нас, святароў, амаль усіх у сталым узросце і інвалідаў, змушаюць выконваць самыя цяжкія працы: капаць ямы пад фундаменты будынкаў, пераносіць вялікія камяні, капаць зімой замёрзшую зямлю, а часам мы павінны дыжурыць звонку па 16 гадзін у суткі безперапынна”, - пісалі аўтары ліста.

Трэба адзначыць, што ў 2002 г. пачаўся беатыфікацыйны працэс расійскіх каталіцкіх мучанікаў ХХ стагоддзя.







All the contents on this site are copyrighted ©.