2012-02-11 11:37:15

Кс. Ламбардзі аб сексуальных злоўжываннях: ад трывогі да надзвычайных ініцыятыў


RealAudioMP3 “Ад трывогі да паслядоўных і надзвычайных ініцыятыў, якія спрыялі б абароне дзяцей ў Касцёле, грамадстве і свеце”, - так ахарактэрызаваў пазіцыю Касцёла кіраўнік Залі Друку кс. Фэдэрыко Ламбардзі, падводзячы вынікі міжнароднага сімпозіўма на тэму сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, які завяршыўся 9 лютага ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Святар нагадаў, што форум праходзіў у рэчышчы выказванняў Бэнэдыкта ХVI па гэтай праблеме: пачуць ахвяраў сексуальных злоўжыванняў, дапамагаць іх аздараўленню, прыняць справядлівыя меры адносна вінаватых у злачынствах, распрацаваць і ажыццявіць на практыцы эфектыўныя меры па прафілактыцы, каб дзеці і моладзь адчувалі сябе бяспечна і ўтульна ў касцёльным асяроддзі. Кс. Ламбардзі адзначыў, што рымская сустрэча прадэманстравала намаганні Касцёла зрабіць канкрэтны ўклад у абарону дзяцей. “Сям’я, навучальныя ўстановы, інтэрнэт, распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі, адукацыя святароў і педагогаў – гэта асноўныя аспекты, якія ўсебакова разглядаліся падчас абмеркавання гэтай праблемы”, - адзначыў італьянскі езуіт.

Святар падкрэсліў, што шматвяковы адукацыйны досвед Касцёла ў многіх культурах – гэта тэст па абароне дзяцей ў розных кантэкстах. “Ідучы з рашучасцю распачатым шляхам супрацоўніцтва з кампетэнтнымі органамі і людзьмі добрай волі ў розных краінах свету, Каталіцкі Касцёл хоча ўнесці істотны ўклад у адну з самых важных праблем будучыні чалавецтва – ахову дзяцей і падлеткаў”, - падкрэсліў кс. Ламабардзі падчас выступлення на Ватыканскім радыё ў сваёй аўтарскай рубрыцы “Octava Dies”.








All the contents on this site are copyrighted ©.