Біскуп Дзям’янка: сексуальныя злоўжыванні можна параўнаць з адрачэннем ад веры ці
здрадай ёй
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай
архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прымаў
удзел у сімпозіўме, прысвечаным укладу Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі
супраць дзяцей і моладзі. Форум праходзіў у Рыме па ініцыятыве Кангрэгацыі Веравучэння
і Папскага Грыгарыянскага універсітэта. Іерарх завітаў у нашу рэдакцыю і пагадзіўся
адказаць на некалькі пытанняў.
Ваша Эксцэленцыя, аб чым ішла размова на
гэтым сімпозіўме? Якія тэмы закраналіся на ім?
Тэма сексуальных злоўжыванняў
раней не часта абмяркоўвалася на форумах. У Грыгарыянскім універсітэце яна разглядалася
на навуковым узроўні. Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўнікі ўсіх кантынентаў. Было
прадстаўлена больш за 100 біскупскіх канферэнцый, прысутнічалі члены манаскіх ордэнаў,
свецкія вернікі. Дакладчыкі прадставілі тэму менавіта ў кантэксце розных кантынентаў,
бо праблемы, звязаныя з сексуальнымі злоўжываннямі ў розных частках свету вельмі адрозніваюцца.
Напрыклад, арцыбіскуп Манілы з Філіпін, расказваў аб мясцовай культуры, для якой з’яўляецца
натуральным, калі дарослы, знаёмы чалавек вітаючы абдымае дзіця ці цалуе яго. У краінах
з англа-саксонскай культурай, аднак, існуе іншы падыход да гэтай справы.
На
форуме была прадстаўлена статыстыка злоўжыванняў адносна непаўналетніх і асобаў, якія
да іх прыраўноўваюцца, гэта значыць непаўнаспраўных. Была закранута прыблема распаўсюджвання
парнаграфіі праз інтэрнэт. Прадстаўнік Паўднёвай Афрыкі звярнуў увагу на праблемы
сексуальнага насілля над старымі асобамі з боку моладзі. Былі выступленні псіхолагаў
на гэту тэму.
Мне больш за ўсё запомнілася выступленне выкладчыцы дагматычнай
тэалогіі з Грыгарыянскага ўніверсітэта, якая расказвала аб духоўнай барацьбе, якой
трэба вучыць дзяцей і моладзь. Важна, каб асоба не толькі разумела пэўныя справы,
але таксама навучылася перамагаць залежнасці. У гэтай сферы напэўна псіхолаг не вельмі
можа дапамагчы.
Таксама на фомуме мы пачулі сведчане адной з ахвяраў сексуальнага
злачынства. Звярталася ўвага на наступствы, недапушчальнасць падобных учынкаў і канешне
суровую адказнасць. Сексуальнае насілле над непаўналетнімі – гэта цяжкі праступак
з пункту гледжання грамадскіх законаў, а таксама цяжкі грэх, з пункту гледжання Касцёла.
Цяжкасць гэтага граху, калі можна так сказаць, можна параўнаць з адрачэннем ад веры
ці здрадай ёй.
Ваша Эксцэленцыя, якім чынам рашэнні гэтага форума можна
перанесці на беларускі грунт – у кантэкст душпастырскай працы ў Беларусі?
Удзельнікамі
форума адзначалася, што такая праблема існуе у сусветным масштабе і на розных узроўнях.
Напрыклад, кардынал Маркс з Мюнхенска-Фрайбургскай архідыяцэзіі, расказаў, што ў Германіі
на дадзеную тэматыку праводзяцца круглыя сталы, у якіх прымаюць удзел прадстаўнікі
розных міністэрстваў і сфер дзейнасці. Адзначалася, што сексуальныя злоўжыванні здзейсняюцца
ў розных прафесійных асяроддзях, таму важна сумесная распрацоўка праграм накіраваных
на абарону дзяцей і моладзі.
Для Беларусі гэта можа быць адна з магчымых
ідэй?
Так. Я думаю гэта адзін з магчымых шляхоў. Калі грамадская супольнасць
заўважыць такія праблемы неабходна падзяліцца поглядамі на магчымасць яе вырашэння,
а таксама праблему выхавання здаровых членаў грамадства.