2012-02-11 12:27:23

Арцыбіскуп Зімоўскі: жыць разам з хворым – гэта сапраўдная школа жыцця


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, у сваіх разважаннях на Сусветны дзень хворага, які ў Касцёле адзначаецца 11 лютага, нагадаў пасланне Бэнэдыкта ХVI на гэты дзень, у якім Папа падкрэслівае фундаментальную ролю веры і сакрамэнтаў у аздараўленні церпячых і хворых. Іерарх адзначыў, што з самага пачатку хрысціянскай эры ў апостальскім жыцці Касцёла вялікае значэнне мела апека над хворымі асобамі. Ён нагадаў, што менавіта “па ініцыятыве Касцёла былі заснаваны першыя шпіталі”; а сёння ў свеце налічваецца больш за 120 тыс. касцёльных медыцынскіх устаноў.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі падкрэсліў, што ў наш час пастырства ў сферы аховы здароўя надае вялікую ўвагу праблемам медыцынскай этыкі, якасці жыцця, арганізацыі санітарнай службы. “Бо Касцёл верыць у святасць кожнай чалавечай істоты, якая не з’яўляецца нумарам ці нейкім аб’ектам, але асобай, да якой трэба падыходзіць па-чалавечы”, - адзначыў арцыбіскуп Зімоўскі. Іерарх звярнуў увагу таксама на адукацыю асоб, які пакліканы працаваць у сферы аховы здароўя. Ён нагадаў аб важнасці сакрамэнтаў, якія прымаюць у сваім жыцці хворыя. “Сакрамэнты спрыяюць канкрэтнаму і эфектыўнаму ўнутранаму аздараўленню, з’яўляюцца адзіным лекам, які дае надзею”, - адзначыў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі. Ён звярнуў увагу на тое, што хрысціянская надзея і самаадданасць у дапамозе дзецям, хворым, пажылым, інвалідам – становіцца аднаўленчай сілай грамадства і робіць хворых першымі будаўнікамі сапраўднай супольнасці. На заканчэнне сваіх разважанняў арцыбіскуп Зімоўскі адзначыў, што жыць разам з хворымі – гэта сапраўдная школа жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.