2012-02-09 15:20:21

Папу запрашаюць наведаць Іран


RealAudioMP3 Іспанскае інфармацыйнае агенцтва “EFE” паведамляе, што пасол Ірана пры Апостальскай Сталіцы Алі Акбар Насэры паўторна запрасіў папу Бэнэдыкта ХVI наведаць яго краіну. Ён нагадаў, што ўжо ў лістападзе 2010 г. Прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад запрасіў Папу наведаць гэту заходнеазіяцкую краіну. “Калі Святы Айцец вырашыць здзейсніць гэтае падарожжа мы яго прымем з вялікім энтузіязмам”, - сказаў дыпламат. Ён падкрэсліў, што ўжо доўгі час паміж Апостальскай Сталіцай і Іранам існуюць вельмі адкрытыя і шчырыя адносіны асабліва ў культурнай і навуковай сферах.

Кардынал Жан Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу некаторы час таму наведаў Тэгеран і перадаў пасланне Бэнэдыкта ХVI прэзідэнту Махмуду Ахмадзінежаду. Нагодай для візіту ватыканскага іерарха стала сёмая сустрэча паміж Апостальскай Сталіцай і Іранам, якая адбываецца кожныя два гады.








All the contents on this site are copyrighted ©.