2012-02-08 11:49:19

Рыа дэ Жанейра: прэзентаваны лагатып Сусветных дзён моладзі 2013 г.


RealAudioMP3 У Рыа-дэ-Жанэйра адбылася прэзентацыя лагатыпа Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 23-29 ліпеня 2013 г. У цырымоніі прынялі ўдзел каля 100 біскупаў і членаў арганізацыйнага камітэта форума, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў і грамадскасці. Форма лагатыпа нагадвае сэрца, у цэтры якога знаходзіцца стылізаваная выява знакамітай скульптуры Хрыста Збаўцы – сімвала Рыа дэ Жанейра. Такое спалучэнне сімвалізуе заклік, каб Езус заняў цэнтральнае месца ў сэрцы кожнага ўдзельніка мерапрыемства. Распрасцёртыя рукі Збаўцы сімвалізуюць гасціннасць, а таксама цёплыя абдымкі Хрыста. З левага боку, над выявай Езуса размешчаны маленькі крыж, які з’яўляецца сімвалам пілігрыма і нагадвае аб тым, што Бразілію часта называюць зямлёй Святога Крыжа. Колеры лагатыпа таксама маюць пэўнае значэнне: зялёны – з’яўляецца сімвалам Рыа дэ Жанейра, сіні – узбярэжжа, а жоўты – Бразіліі. Тое, што цэнтральнае месца ў лагатыпе займае выява скульптуры Хрыста, якая размешчана на гары, нагадвае аб фрагменце з Евангелля паводле св. Мацвея, у якім Езус прамаўляе словы “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам Сусветных дзён моладзі 2013 г.

Аўтарам лагатыпа з’яўляецца 25-гадовы Густаво Хугуэнін, выпускнік факультэта графічнага дызайну аднаго з мясцовых універсітэтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.