2012-02-08 11:06:47

"З сэрцам у кантакце". Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: архімандрыт Андрэй (Цікота)


RealAudioMP3 Вітаю ваш шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. Я працягваю распавядаць пра тых, хто стаўся ў XX-м стагодзьдзі героем Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Сёньня мова пойдзе аб першым беларускім марыяніне – архімандрыце Андрэе (Цікоце). У гэтым годзе, 11 лютага, спаўняецца ўжо 60 год ад яго мучаніцкай сьмерці – гэта добрая нагода, каб ўзгадаць пра жыцьцёвы подзьвіг айца Андрэя, які ён учыніў на карысьць Каталіцкай Царкве ды Бацькаўшчыне.

Сьвятарскае і манаскае пакліканьне

Нарадзіўся Андрэй Цікота 5 сьнежня 1891 годзе ў радавым маёнтку Тупальшчызьне. З 1919 па 1913 гад ён вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, потым жа паступіў у Духоўную Акадэмію Санкт-Пецербурга, а ў 1914 быў рукапакладзены на сьвятара. Акадэмію а. Андрэй скончыў у 1917 г., атрымаўшы навуковую ступень кандыдата багаслоўя.

Малады сьвятар вяртаецца на Беларусь і служыць на працягу году пробашчам у Маладзечна. У 1918 годзе яго запрашаюць выкладаць у Мінскай семінарыі. У Мінску а. Андрэй паказвае сябе актыўным дзеячом на глебе рэлігійнага ды беларускага нацыянальнага адраджэньня. Прыкладна ў гэты час а. Андрэй адчуў пакліканьне да манаскага жыцьця – у 1920 г. ён уступае ў манастыр марыянаў і стаецца першым беларусам, які далучыўся да гэтай манаскай супольнасьці.

7 траўня 1924 году, на падставе дэкрэту віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, афіцыйна пачаў існаваньне манастыр марыянаў у Друі. Першым жа ігуменам і фактычным заснавальнікам гэтага манастыра стаў а. Андрэй.

Друйскі манастыр марыянаў хутка становіцца духоўным і культурным асяродкам для ня толькі для беларусаў-каталікоў, але таксама для праваслаўных і габрэяў. Айцец Андрэй закладае гімназыю імя Стэфана Баторыя ды спрычыняецца да паўстаньня некалькіх пачатковых школ, прафісіянальнага вучылішча ды маладзёвай арганізацыі «Iuventus Christiana».

У 1933 годзе а. Андрэй (Цікота) на капітуле марыянаў быў абраны на пасаду генерала ордэну. Ад гэтага моманту ён пераезджае ў Рым, дзе жыве і працуе да 1939 году.

Харбінская місія і трагічны лёс

Абраньне айца Андрэя на генерала ордэну марыянаў, не магло не аслабіць манастара ў Друі, ды акрамя гэтага ў гэты перыяд адбываюцца іншыя прыкрыя рэчы, якія паўплывалі на лёс беларускіх марыянаў.

Вось як пра гэтыя падзеі піша біёграф айца Цікоты, а. Вячаслаў (Пялінак): «Будучы генералам, айцец Цікота і ў далейшым падтрымліваў Друю, усяляк імкнучыся аказаць дапамогу манастыру, школам і гімназіі. Аднак, менавіта ў перыяд праўлення айца Цікоты, Друю спасьцігла вялікае няшчасце – палітычныя рэпрэсіі беларускіх марыянаў, якія ў 1938 годзе ажыцявіў польскі ўрад. Пасля высяленьня з Друі беларускіх манахаў частка з іх размясьціліся ў Вільні, а іншыя былі накіраваныя ў Харбін, дзе з 1928 года сярод рускіх каталікоў працаваў былы друйскі марыянін – айцец Фабіян Абрантовіч».

Пасьля Другой сусьветнай вайны а. Андрэя Цікоту разам з іншымі беларускімі сьвятарамі Харбінскай місіі напаткаў трагічны лёс. Кітайскія ўлады перадалі сьвятароў ворганам савецкай дзяржбясьпекі. Айца Андрэя абвінавацілі ў шпіянажы адначасова і на карысьць Ватыкану і Японіі. За такія “злачынствы” ён атрымаў ад сталінскага суду «на ўсю катушку» - 25 гадоў канцлягераў.

"Ватыканскі генерал"

Было б замала сказаць, што ў няволі айцы-марыяне, сярод якіх быў і а. Андрэй, цярпелі пакуты... У чыцінскай турме, дзе айцы перабывалі пад следствам, яны зьведалі жудасныя савецкія "метады" следства.

Айцец Язэп (Германовіч), субрат і сувязень айца Андрэя, сьведчыць аб непахіснай веры архімандрыта ў сваіх успамінах "Кітай – Сібір – Масква". Між іншымі ён апісвае сітуацыю, калі пэўны а. Т., даведзены катаваньнямі да страшнага псіхічнага стану, публічна адрокся ад Бога і Царквы.

Калі архім. Андрэй пачуў словы зьнявераньня ад замучанага сьвятара на спатканьні па сьледстве, ён толькі прамовіў: «Чалавеча, што ты гаворыш?! Апамятайся!» Тут а.Т. задрыжаў, устаў, задумаўся і ўрачыста адказаў: «Веру ў Бога Айца Усемагутнага, Тварца неба і зямлі!»

Савецкія ўлады, як пра гэта піша а. Германовіч, мяркуючы, што а. Цікота зьяўляецца некай важнай пярсонай – так яны зразумелі тытул «айцец-генерал ордэну марыянаў» - запрапанавалі яму пасаду метрапаліта праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Як на іронію, на размову з ім з прапановую ехаць у Мінск быў пасланы палкоўнік – архім. Андрэй не захацеў яго ані слухаць, ані гаварыць з ім. Разумеючы гэта па-свойму, Масква даслала на размову з «ватыканскім генералам» савецкага генерала. Да яго а. Цікота прамовіў: «Пакіньце мяне, каб я мог спакойна памерці!».

Зьнясілены лагерам ды хваробамі архім. Андрэй (Цікота) памёр у шпітале 11 лютага 1952 году.








All the contents on this site are copyrighted ©.