2012-02-08 13:38:58

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: Бог заўсёды блізка, нават калі маўчыць


RealAudioMP3 8 лютага Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі на традыцыйнай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў малітве Езуса перад абліччам непазбежнай смерці, асабліва звяртаючы ўвагу на тое, як гэты момант апісваюць евангелісты Марк і Мацвей. Папа адзначыў, што яны перадалі словы малітвы Пана не толькі на грэцкай мове, на якой пісалі свае Евангеллі, але, з увагі на важнасць прамоўленых Езусам слоў, ужываючы яўрэйскую і арамейскую мовы. “Такім чынам яны перадалі нам не толькі змест слоў, але таксама гучанне малітвы, якая была на вуснах Хрыста. - сказаў Святы Айцец - У той жа час, яны апісалі паводзіны людзей, якія прысутнічалі пры ўкрыжаванні. Людзей якія не зразумелі, ці не хацелі зразумець гэтай малітвы”. Пантыфік нагадаў, што малітва Езуса, у апавяданні св. Марка, прагучала на заканчэнне трох гадзін цемры. “Калі Езус, усё больш набліжаўся да смерці, была толькі цемра, якая апусцілася на зямлю. Нават космас удзельнічаў у гэтай падзеі: цемра накрыла людзей і рэчы, аднак у гэты момант Бог быў прысутны і не пакідаў Езуса. У біблійнай традыцыі, цемра мае шырокае значэнне: гэта знак прысутнасці і дзейнасці зла, але таксама таямнічай прысутнасці і дзейнасці Бога, здольнага перамагчы любую цемру”, - сказаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што калі вакол Езуса былі людзі, Ён сваёй малітвай паказаў, што разам з цяжарам пакутаў і смерці, калі здаецца Бог Яго пакінуў, Ён адчуваў прысутнасць Айца. Акрамя таго, Святы айцец звярнуў увагу на тое, што і сам Бог у час смерці Хрыста вёў сябе не так як у іншыя моманты жыцця Езуса. “Калі набліжалася смерць Укрыжаванага, наступіла цішыня і не было чуваць ні аднаго голасу, але позірк Айца быў скіраваны на дар любові Яго Сына”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

“Але якое значэнне мае малітва Езуса і гэты крык, якім Ён звярнуўся да Айца: “Божа мой, Божа мой, чаму мяне пакінуў?”. Ці ж не было ў гэтай малітве адчування пакінутасці, сумневу ў сваёй місіі і прысутнасці Айца?”, - спытаў Пантыфік. Адказваючы, Папа адзначыў, што Хрысус звярнуўся да Бога Айца словамі 22 псальма, у якім псальміст выражае свае перажыванні, выкліканыя пачуццём адзіноты і свядомасці таго, што Бог прысутны сярод свайго народа. “Псальміст кажа аб “крыку”, які выражае ўвесь цяжар малітвы скіраванай да Бога, які здаецца адсутнічае: у момант неспакою малітва становіцца крыкам”, - сказаў Святы Айцец.

“Так адбываецца таксама ў нашых адносінах з Панам: перад абліччам цяжкіх і балючых сітуацый, калі здаецца, што Бог нас не чуе, мы не павінны баяцца даверыць яму ўвесь цяжар, які нясём у сваіх сэрцах. Мы не павінны баяцца крыкам выразіць Яму нашы пакуты. Мы павінны так зрабіць, бо Ён блізка, хоць і маўчыць”, - адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў важнасць таго, што малітва Езуса не была крыкам таго, хто ішоў на смерць у адчаі ці таго, хто адчуваў сваю пакінутасць. “Езус, у гэты момант зрабіў 22 псальм цалкам сваім. Псальм ізраільскага народа, які пакутуе. Такім чынам, Ён узяў на сябе не толькі віну свайго народа, але таксама усіх людзей, якія пакутуюць ад зла”, - сказаў Святы Айцец. Папа адзначыў, што Езус прынёс усё гэта да сэрца Бога з упэўненасцю, што яго крык споўніцца падчас уваскрасення. “У гэтай малітве Езуса прадстаўлены радыкальны давер і адданне ў рукі Бога, нават калі здаецца, што Ён адсутнічае, калі здаецца, што маўчыць, згодна з планам, які мы не можам зразумець”, - заўважыў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў у малітве прыносіць да Бога нашы штодзённыя цяжкасці з упэўненасцю, што Бог існуе і слухае нас. “Крык Езуса нагадвае нам, як у малітве мы павінны пераўзысці мяжу уласнага “я” і нашых праблем і адкрыцца на патрэбы і пакуты іншых. Малітва Езуса, які памірае на крыжы, вучыць нас з любоўю маліцца за братоў і сясцёр, якія адчуваюць цяжар штодзённага жыцця, перажываюць складаныя моманты, боль, не маюць суцяшэння”, - сказаў Пантыфік.

Пасля заканчэння катэхезы Папа прывітаў пілігрымаў з розных краін свету і прадстаўнікоў шматлікіх арганізацый. Асаблівым чынам Святы Айцец звярнуўся да прысутных на аўдыенцыі членаў дэлегацыі Дзяржаўнага Савета Італьянскай Рэспубліцы і мабільнай брыгады паліцыі горада Неапаля.







All the contents on this site are copyrighted ©.