Бэнэдыкт XVI: аздараўленне ахвяр сексуальных злачынстваў – фундаментальны клопат Касцёла
Бэнэдыкт XVI скіраваў
пасланне да ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіўма “Да аздараўлення і абнаўлення”, прысвечанага
ўкладу Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злачынствамі. Ён пачаўся 6 лютага ў Рыме.
У звароце за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ Папа прывітаў удзельнікаў
мерапрыемства і запэўніў у малітве ў інтэнцыі “гэтай важнай ініцыятывы”. Святы Айцец
адзначыў, што “аздараўленне ахвяр сексуальных злачынстваў павінна быць фундаментальным
клопатам хрысціянскай супольнасці”. Гэта “павінна адбывацца адначасова з глыбокім
аднаўленнем Касцёла на ўсіх узроўнях”, - напісаў Пантыфік у пасланні. Бэнэдыкт XVI
падтрымлівае ўсе намаганні скіраваныя на тое, каб адказаць евангельскай любоўю на
дадзены выклік і гарантаваць дзецям і дарослым касцёльнае асяроддзе спрыяльнае для
чалавечага і духоўнага росту.