Рым: пачаўся сімпозіўм аб укладзе Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злачынствамі
6 лютага у Папскім
Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме пачаўся міжнародны сімпозіўм пад назвай “Да аздараўлення
і абнаўлення”. Форум прысвечаны ўкладу Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злачынствамі.
Беларусь на мерапрыемстве прадстаўляе Дапаможны Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Антоній Дзям’янка. У праграме мерапрыемства: дыскусіі, сустрэчы з ахвярамі сексуальных
злачынстваў і пакутнае малітоўнае чуванне, якое ўзначаліць кардынал Марк Уэлле, старшыня
Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Яго ўдзельнікі ад імя ўсяго Касцёла будуць прасіць
прабачэння ў ахвяр злоўжыванняў. На заканчэнне форума будзе абвешчана аб стварэнні
спецыяльнага “Цэнтра па абароне дзяцей” з сядзібай у Мюнхене. У інтэрв’ю нашаму радыё
кс. Ганс Цольнер, кіраўнік Інстытута псіхалогіі пры Грыгарыянскім універсітэце і дырэктар
арганізацыйнага камітэта мерапрыемства, нагадаў, што адна з першых задач Касцёла –
слухаць людзей, якія пацярпелі ад сексуальных злачынстваў, і дапамагаць ім. “Для некаторых
людзей старонка Касцёла перагорнута назаўсёды, але і многія людзі шукаюць магчымасці
для прымірэння з самімі сабой і тым інстытутам, прадстаўнікі якога іх паранілі. Акрамя
таго, ёсць шмат людзей, якія імкнуцца дапамагаць Касцёлу, каб такія выпадкі больш
зе здараліся”, - сказаў кс. Цольнер.
Святар адзначыў, што ў адносінах да тых,
хто здзейсніў сексуальныя злачынствы павінны ўжывацца адпаведныя меры, лячэнне і большы
кантроль за іх паводзінамі. На яго думку, увага грамадства да гэтай праблемы сёння
вельмі ўзрасла.