2012-02-03 11:52:50

Вялікабрытанія: англіканскі іерарх супраць змены акрэслення прыроды сужэнства


Арцыбіскуп Ёркскі, Джон Сэнтаму, адзін з самых старэйшых англіканскіх іерархаў, крытычна ахарактарызаваў рашэнне прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, Дэвіда Кэмерона, адкрыць дыскусію аб наданні аднаполым саюзам статуса сужэнства. Кэмерон назваў гэта рашэнне адным з самых значных у часе сваёй прэм’ерскай кадэнцыі. У адказ арцыбіскуп Сэнтаму падкрэсліў, што “у кампетэнцыі дзяржавы не ўваходзіць акрэсленне прыроды сужэнства”. Акрамя таго, на думку іерарха, гэта пагражае новым супрацьстаяннем паміж Англіканскай супольнасцю і дзяржавай. Яно спынілася некалькі тыдняў таму, калі ўрад прызнаў неабходнасць захавання пэўных сацыяльных гарантый насельніцтву, на якім настойвалі біскупы члены Палаты Лордаў.

Арцыбіскуп Сэнтаму падкрэсліў, што “адносна пытання аб прыродзе сужэнства, ужо існуе традыцыя, якая склалася на працягу гісторыі і ніхто не мае права пераглядзець яе за адну ноч”, - адзначае ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano”.

Іерарх расказаў, што апазіцыя новаму законапраекту, разгляд якога пачнецца ў сакавіку 2012 г., існуе не толькі з боку Англіканскай Царквы, але таксама ёсць у парламенце Вялікабрытаніі. Арцыбіскуп адзначыў, што наданне аднаполым саюзам статуса сужэнства адпавядае таму, што “нехта вырашыць, што заданнем Царквы больш не з’яўляецца пакланенне Богу, але, напрыклад, выкананне функцый арміі – нібыта усе святары павінны узяць у рукі зброю і пайсці ваяваць”. “Гэта азначае радыкальную змену традыцыі”, - падкрэсліў англіканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.