2012-02-02 13:28:36

Арцыбіскуп Дэ Авіз: кансэкраваныя асобы – гэта каштоўная пярліна для Касцёла


Арцыбіскуп Хуан Браз дэ Авіз, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, з нагоды Сусветнага дня кансэкраваных асоб адзначыў, што глабалізацыя стварае новыя выклікі для кансэкраваных асоб, якія вымушаны адказваць на іх з большай вернасцю Евангеллю. У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” ватыканскі іерарх адзначыў, што ў досведзе шматлікіх пустэльнікаў і манахаў, у розных інстытутах і таварыствах апостальскага жыцця мы знаходзім канкрэтны адказ на заклік Пана. “Гэтае пакліканне мела заўсёды вялікае значэнне для Касцёла, бо дэманструе каштоўнасці, якія ўжо прысутнічаюць ў ім і будуць існаваць у будучым – цэлібат і дзявоцтва”, - адзначыў іерарх.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі з жалем паведаміў, што ў апошні час колькасць манаскіх пакіканняў вельмі знізілася ў Еўропе, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і Лацінскай Амерыцы. “Але існуць краіны, дзе значна павялічыўся лік пакліканняў да кансэкраванага жыцця. Гэта наступіла ў Індыі, Карэі і іншых краінах Далёкага Усходу і Афрыкі”, - распавёў арцыбіскуп Браз дэ Авіз.

Іерарх адзначыў, што выклікам для кансэкраванага жыцця з’яўляецца з’ява пажылога ўзросту, якая асаблівым чынам выступае ў багатых краінах. “Некаторыя манаскія ордэны бачаць у асобах сталага ўзросту складанасць і цяжкасць і пераводзяць іх у іншае месца, дзе атрымліваюць добрую медыцынскую апеку ў чаканні смерці”, - сказаў з жалем арцыбіскуп, і дадаў, што старэйшыя людзі з’яўляюцца крыніцай мудрасці і цудоўна бачыць, калі яны знаходзяцца ў да канца жыцця ў манаскай супольнасці. Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца каштоўнай пярлінай для Касцёла, - заключыў арцыбіскуп Браз дэ Авіз.








All the contents on this site are copyrighted ©.