2012-02-01 17:27:48

“Веру, ведаю, разумею”. Меч духоўны, якім ёсць слова Божае (2)


Мы працяваем размаўляць аб “зброі святла”, духоўных прыладах, неабходных для барацьбы з сіламі цемры, якія пастаянна атакуюць нашы сэрцы. Нагадаю, што ў разважаннях нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. У мінулай праграме мы пачалі размову аб “духоўным мячы, якім ёсць Слова Божае”, як кажа св. Павел у Пасланні да Габрэяў. Мы ўбачылі, што меч можа выкарыстоўвацца, як для зла, так і для дабра. Меч – гэта прылада, якой можна забіваць, і якой можна выратаваць жыццё.

Псальм кажа, што “справядлівыя маюць славу Божую на вуснах і меч у руках”. Чаму побач стаяць выразы: слава Божая на вуснах і меч у руках? Бо размова ідзе аб тым, што мы ўдзельнічаем у асаблівай бітве. Мы маем справу з тэрмінамі, для разумення якіх трэба мець перад вачыма ўсю біблійную гісторыю. Трэба бачыць, як многія паняцці, нават тыя, якія падаюцца гвалтоўнымі, з цягам часу набылі духоўны змест, сваё поўнае спаўненне ў Езусе Хрысце. Таксама, Езус казаў аб мячы і ў Яго вуснах гэтая зброя набыла вельмі глыбокае духоўнае значэнне.

У 49 раздзеле кнігі прарока Ісаі, аўтар кажа такія словы: “І зрабіў мае вусны Пан, як востры меч”. У кнізе Апакаліпсіса св. Яна мы бачым вобраз Езуса Хрыста з мячом, які выходзіць з Яго вуснаў. Канешне гэта сімвалічны выраз, які не ў якім разе нельга разумець даслоўна. Ён можа азначаць здольнасць гаварыць так, каб словы дзейнічалі як меч, каб маглі аддзяляць ці знішчаць нешта, як мячом.

Езус кажа: “Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю? Не, не спакой прыйшоў Я прынесці, але меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе, і будуць ворагамі чалавеку хатнія ягоныя” (Мц 10, 34-35). Такі меч прынёс Хрыстус.

Калі меч, сімвалізуе здольнасць нападаць, раздзяляць, аддзяляць штосці, то варта заглянуць яшчэ на страронкі паслання апостала Паўла да Габрэяў, дзе святы кажа: “Бо жывое слова Божае і дзейснае, і вастрэйшае ад усякага мяча двусечнага, і пранікае ажно да раздзялення душы і духа, суставаў і мозга касцей, і судзіць думкі і намеры сэрца” (Гбр 4, 12). І тут мы бачым, што слова Божае дзейнічае, як меч – адзяляе, забівае нешта, каб вызваліць і даць новае жыццё.

Св. Павел часта выкарыстоўвае аналогіі, каб паказаць нешта вельмі канкрэтнае і дакладнае. Таму нам важна зразумець, ШТО будзе аддзелена і забіта духоўным мячом.

Давайце паглядзім на меч, аб якім ідзе размова, у дзейнасці. Паглядзім, як карыстаўся такім мячом Езус. З Евангелляў мы ведаем, што Ён выкарыстоўваў меч Божага Слова ў барацьбе з сатаной, калі прабываў у пустыні. Паміж Хрыстом і сатаной адбылася барацьба слова. Д’ябал напаў на Езуса са словамі, а Хрыстус адказаў яму іншымі. Падчас гэтай “дуэлі” Езус нанёс моцны ўдар сатане, калі ў адказ на прапанову злога перамяніць камяні ў хлеб, адказаў: “Напісана: Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”. Хрыстус выкарыстаў канкрэтнае слова Божае як меч, і тым самым спыніў спакусу сатаны ў гэтым накірунку. У дадзеным фрагменце Хрыстус дае нам класічны прыклад выкарыстання Слова Божага ў нашай штодзённай барацьбе са спакусамі. Слова Божае дае нам магчымасць убачыць рэчы асветленыя Богам, убачыць іх сапраўднае значэнне.

Яшчэ важна звярнуць увагу на тое, што чалавек – гэта носьбіт словаў. Вядома, што нават адно слова можа змяніць жыццё чалавека. Мы ўсе носім на саміх сабе адбітак тых словаў, якія атрымліваем. З самага дзяцінства мы прымаем словы, якія ўплываюць на наша развіццё. Зараз мы чытаем, слухаем вельмі шмат словаў, якія па рознаму уплываюць на нашу свядомасць. Тое, што навокал так шмат сумных, нешчаслівых людзей, сведчыць аб тым, што яны прымаюць і носяць у сэрцы не тыя словы, якія даюць сапраўдную радаць і шчасце. Часта крыніцай шматлікіх нашых праблем з’ўяляюцца менавіта пачутыя і прынятыя словы няпраўды і цемры. Меч, якім з’яўляецца Божае Слова, мае ўладу знішчаць гэтыя нашы няшчасці і сум у сэрцы чалавека. Дзякуючы Святому Духу мы прымаем словы, якія сягаюць да самых глыбокіх месцаў у нашым сэрцы.

Магчыма сярод тых, хто зараз нас слухае, таксама ёсць чалавек, у якім калісьці зарадзілася жаданне слухаць аб такіх рэчах. Жаданне, якога раней не існавала. Гэта жаданне, інтуіцыя прыгажосці, праўды, дабра, з’явілася калісьці, магчыма нават несвядома, дзякуючы пачутаму слову, слову занесенаму ў сэрца Святым Духам. Магчыма гэта адбылося дзякуючы якому-небудзь прапаведніку, ці знаёмаму, які расказаў аб Евангеллі.

Чалавек можа быць носьбітам словаў, якія прыносяць сум, цемру, а можа наадварот, даваць жыццё і надзею. Кожны чалавек пакліканы да таго, каб карыстацца мячом Слова Божага і забіваць усё, што разбурае бліжняга. Неабходна прыняць яго, жыць ім, любіць яго, каб у адпаведны момант мець здольнасць карыстацца такім мячом, каб наносіць ажыўляючыя раны, аддзяляць няпраўду ад праўды, цемру ад святла.

Падрыхтаваў А. Панчанка.








All the contents on this site are copyrighted ©.