2012-02-01 17:31:03

"Веру, ведаю, разумею". Вазьміце шчыт веры (2)


Мы працягваем размаўляць аб “зброі святла”, духоўных прыладах аб якіх кажа ў 6 раздзеле паслання да Эфесцаў апостал Павел і якія неабходны кожнаму ахрышчанаму для таго, каб супрацьстаяць нападкам сілаў зла і цемры. Нагадаю, таксама, што ў разважаннях нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні.

У мінулай праграме мы пачалі размову пра трэццюю частку “баявога адзення” война, які стаіць на полі духоўнай барацьбы - шчыце веры. Апостал Павел, заклікае “узяць шчыт веры, якім зможам пагасіць усе стрэлы злога”. Мы ўбачылі, што шчытом веры нам неабходна карыстацца штодзённа, бо духоўная барацьба, гэта такі тып змагання, які не адбываецца час ад часу, але патрабуе пастаяннай увагі і гатоўнасці адказаць на ўдар ворага.

Нас можа спужаць тое, што заўсёды трэба знаходзіцца ў стане ціску і напружання, але варта памятаць, што існуюць розныя тыпы напружанасці ў якой мы прыбываем: напружанасць, якая стамляе, а таксама тая, якая дае жыццё. Мы размаўляем менавіта аб другой, аб тое напружанасці, што кіруе нашымі інтэнцыямі, якія вядуць да прыгажосці і дабра. Наша жыццё гэта не статычная рэч, гэта пастаянныя перамены, гэта вулкан, які заўсёды выбухае падзеямі і выбарамі.

Аб гэтым добра ведаў св. Павел, які адкрыў для сябе прыгажосць жыццёвага дынамізма падчас навяртання. Ён добра ведаў, што ўсе вялікія рэчы ў нашым жыцці маюць свае складанасці і цяжкасці. Але ён таксама ведаў, што цяжкасці надаюць ім водар, прыгажосць, цікавасць і адрознасць ад банальных рэчаў. Калі рэчы звязаны з пэўнай рызыкай, гэта іх робіць прывабнымі. Наша жыццё таксама становіцца прыгожым і цікавым, калі ў ім прысутнічае прыгода і барацьба. Такім чынам мы павінны паразважаць аб тым, каб прыняць гэта шчаслівае напружанне. Паўстае пытанне: што супольнага маюць абстрактныя словы св. Паўла з нашай штодзённасцю?

Апостал кажа “вазьміце шчыт веры” – г.зн., пачніце пэўнае дзеянне. Св. Павел заклікае нас пачаць нешта рабіць, нешта ўзяць. Узяць шчыт. Гэта вобраз вайсковага атрыбута, які мог закрываць чалавека ад галавы да ног. Закрываць. Існуюць у жыцці рэчы, ад якіх трэба закрывацца, якім трэба казаць не. Гэта рэчы, ці вогненныя стрэлы, як кажа апостал Павел, ад якіх нельга ніяк абараніцца як толькі шчытом, якім з’яўляецца вера.

У старажытнаяўрэйскай мове, назоўнікі атрымлівае свае карані ад рознага тыпу дзеянняў, а ў грэцкай мове наадварот, дзейнікі атрымлівалі корань ад назоўніка. На старажытнагрэцкай мове словы вера, верыць, былі звязаны са словам вяроўка, сувязь. Верыць азначала – быць верным, прывязаным, звязаным дагаворам. Тут гаворка ідзе аб тым, каб быць прывязаным да Бога, ці наадварот, памятаць аб тым, што Бог да мяне прывязаны і верны мне. Вера гэта мая сувязь з Ім. Гэта нешта, што асвятляе ўсё маё існаванне.

У старажытнаяўрэйскай мове слова вера, “аман” – ад якога паходзіць наша “амэн”, азначае абапірацца на нешта. Калі ў першым выпадку, мы казалі аб сувязі, то ў другім выпадку мы гаворым аб стабільнасці. Калі робім нейкае дзеянне мы павінны мець нейкую кропку апоры, ад якой бяром сілы. Мы часта абапіраемся на наш інтэлект, здольнасці, магчымасці, рэчы, людзей, сям’ю, на ўсё, на што можна абапірацца. Тое на што мы абапіраемся, гэта рэчы ў якія верым.

Людзей без веры не бывае. Бывают людзі, якія не вераць у Езуса Хрыста, Бога. Але чалавек заўсёды ў нешта верыць, на штосці абапіраецца. Хрысціянская вера, заключаецца ў тым, каб абапірацца на моц Бога. Прывязацца, згодна з грэцкім паняццем, да гэтага фундамента. І менавіта гэтага злы хоча нас пазбавіць. Гэта вера нас абараняе ад вогненых стрэл злога.

Вогненыя стрэлы – што гэта такое? Палаючая страла, гэта нешта, што перамяшчаецца з аднаго месца ў іншае, і нарэшце можа дасягнуць мяне ці іншых рэчаў, у выніку чаго яны пачынаюць палаць. Калі такая страла трапляе у сексуальнасць, якая сама па сабе з’яўляецца цудоўнай, яна становіцца полымем, нечым, што знішчае нашу ідэнтычнасць. Розум, нашы ўчынкі, сяброўства, сужэнства, бацькоўства, палітыка могуць стаць небяспечным, калі не абаронены ад гэтых стрэлаў. Палаючыя стрэлы злога – гэта тое, што прымушае добрыя рэчы станавіцца небяспечнымі і разбуральнымі для нас. Таму калі маем шчыт веры, можам пагасіць усе палаючыя стрэлы накіраваныя ў нас. Усе стрэлы гаснуць, калі мы верым у Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.