2012-02-01 13:20:52

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: выконваючы волю Бога, чалавек дасягае сваёй найбольшай вышыні


1 лютага, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю катэхезу малітве Езуса Хрыста ў Аліўным садзе. Папа падкрэсліў, што калі Пан падыйшоў да Аліўнай гары, адбылося нешта новае: Ён не хацеў заставацца ў адзіноце. “Шмат разоў Езус пакідаў акружаючы яго натоўп людзей і саміх апосталаў, каб пайсці ў “пустыннае месца” ці “узыйсці на гару”, как памаліцца”, - расказаў Папа - Але ў Гефсеманскім садзе, Ён паклікаў Пятра, Якуба і Яна, каб яны былі побач”. “Гаворка ідзе аб блізасці, патрэбе ў салідарнасці ў той момант, калі ён адчуваў набліжэнне смерці. Але перш за ўсё Пан жадаў блізасці вучняў ў малітве, каб яны выразілі сваю лучнасць з Ім у момант Яго падрыхтоўкі да канчатковага выканання волі Айца. Таксама гэта з’яўляецца запрашэннем ісці за Ім па шляху крыжа, скіраваным да кожнага вучня”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што пасля таго, як Хрыстус з трыма вучнямі прыйшоў у Аліўны сад, ён “адыйшоў крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна”. “Езус упаў на зямлю: гэта пазіцыя выражае пакору перад воляй Айца, поўны давер да Яго. Гэты жэст паўтараецца напачатку св. Імшы Мукі Пана, у Святую Пятніцу, а таксама падчас дыяканскіх, святарскіх і біскупскіх пасвячэнняў, каб выразіць у малітве, нават цялеснай, поўны давер да Бога”, - сказаў Папа.

“Дарагія сябры, таксама і мы, у малітве павінны быць здольнымі прыносіць Богу нашы цяжкасці, страхі, пакуты ў пэўных сітуацыях, днях, штодзённых заданнях, быць хрысціянамі нават перад абліччам зла, якое бачым вакол нас, бо Ён дае надзею, пачуццё сваёй блізасці, дорыць крыху святла на жыццёвым шляху”, - адзначыў Пантыфік.

Разважаючы над словамі Хрыста скіраванымі да Бога, Папа падкрэсліў, што Езус прамаўляе зварот “Абба Ойча”, які характарызуецца асаблівымі даверам, любоўю і пяшчотай у адносінах паміж сынам і бацькам. Акрамя таго, Папа адзначыў, што хоць Езус быў упэўнены, што для Бога “усё магчыма”, падпарадкаваўся Яго волі. “Так Езус кажа нам, што толькі праз падпарадкаванне волі Бога, чалавек дасягае сваёй найбольшай вышыні, становіцца “боскім”; толькі выходзячы за ўласныя рамкі, кажучы “так” Богу, рэалізуецца жаданне Абрагама і ўсіх нас – быць цалкам свабоднымі. Вось, што Езус зрабіў у Гефсіманіі: праз перамену чалавечай волі ў Божую нарадзіўся сапраўдны чалавек, і мы былі адкупленыя”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік нагадаў, што “у ніякай іншай частцы Святога Пісання немагчыма ўбачыць так глыбока ўнутраную таямніцу Езуса, як у малітве ў Аліўным садзе”.

“Дарагія браты і сёстры, кожны дзень у малітве да Айца мы просім Пана: “будзь воля Твая, як у небе так і на зямлі”. Прызнаем, што існуе воля Бога з намі і для нас, воля Бога для нашага жыцця, якая павінна штодзённа станавіцца фундаментам нашых жаданняў і нашага быцця”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля заканчэння катэхезы Папа прывітаў прысутных вернікаў на некалькіх мовах. Пантыфік звярнуўся да шматлікіх біскупаў з розных краін Еўропы, Афрыкі і Азіі, якія прыбылі ў Рым з нагоды 44-годдзя экуменічнай дабрачыннай “Супольнасці св. Ігідзія”. Ён заклікаў іерархаў працягваць з энтузіязмам і адвагай служыць Евангеллю, нягледзячы на цяжкасці, з якімі яны сустракаюцца ў выкананні сваёй місіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.