2012-01-31 12:59:17

Пасол Мексікі: візіт Святога Айца пакажа, які сёння каталіцызм у Мексіцы


RealAudioMP3 Пасол Мексікі пры Апостальскай Сталіцы Гектар Лінг Альтамірано заявіў, што яго краіна з энтузіязмам чакае візіту Бэнэдыкта ХVI у сакавіку гэтага года. Ён адзначыў, што энтузіязм з’яўляецца пацвярджэннем характару каталіцкай веры ў Мексіцы. “Гэты тып хрысціянства, моцна марыйны, паважаючы Папу, Наступніка св. Пятра, уяўляе вялікую сілу для Мексікі, якая як і многія іншыя краіны сур’ёзна змагаецца з праблемамі, напрыклад, эканамічным крызісам і насіллем”, - сказаў дыпламат у інтэрв’ю нашаму радыё. Гектар Лінг Альтамірано падкрэсліў, што вернікі з многіх куткоў краіны гатовыя праехаць больш за 2 тыс. км, каб сустрэцца са Святым Айцом. Паводле яго, людзі ведаюць, што ў гэты адмысловы час трэба мець надзею, каб перамагчы свае праблемы.

“На мой погляд, Святы Айцец дае гэту надзею праз свае пасланні. Тое, што сапраўды важна для нас – гэта яго духоўная і фізічная блізкасць, яго бясспрэчны маральны аўтарытэт, які прызнаецца ўсімі. У Мексіцы пражывае 87 млн. католікаў, што складае амаль 83% усіх жыхароў краіны. Папа з’яўляецца для нас надзеяй, “sursum corda”, які заклікае нас “падняць угору сэрцы” і больш не плакаць, але пачаць працаваць разам у пераадоленні цяжкасцяў, як гэта ўжо адбывалася ў цяжкія часы для нашай краіны”, - сказаў Гектар Лінг Альтамірано.

Пасол нагадаў, што адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Мексікай былі ўстаноўлены ў 1992 г. і на сённяшні дзень станоўча развіваюцца, гэта праяўляецца ва ўзаемным супрацоўніцтве ў вырашэнні міжнародных пытанняў. “Я лічу, што візіт Святога Айца павінен стаць нагодай для глыбокага рэлігійнага, сацыялагічнага і культурнага аналізу таго, што сёння прадстаўляе сабой каталіцкая вера ў Мексіцы”, - падкрэсліў Пасол Мексікі пры Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.