2012-01-31 12:00:23

Папа здзейсніў некалькі важных прызначэнняў у Касцёле


31 студзеня Святы Айцец здзейсніў шэраг важных прызначэнняў у Касцёле. Патрыярхам Венецыі Яго Святасць прызначыў біскупа Франчэска Моралью, які да гэтага часу з’яўляўся біскупам Ла Спецыі-Сарцана-Бруньято. Новапрызначаны Патрыярх нарадзіўся ў Генуі ў 1953 г. Там жа ў 1977г. атрымаў святарскае пасвячэнне. У Папскім універсітэце Урбаньяна здабыў у 1981 г. ступень доктара тэалогіі. Затым займаўся навуковай дзейнасцю як выкладчык. Ад 6 снежня 2007 г. з’яўляўся пастырам дыяцэзіі Ла Спецыя-Сарцана-Бруньято.

Віцэрэгентам Рымскай дыяцэзіі Святы Айцец прызначыў біскупа Філіппо Іаноннэ, які да гэтага часу з’яўляўся пастырам дыяцэзіі Сора-Аквіно-Понтэкорво. Іерарх нарадзіўся ў італьянскім Неапалі ў 1957 г. У 1977 г. уступіў у Ордэн Кармелітаў. Абараніў доктарскую дысертацыю ў Папскім Латэранскім універсітэце ў галіне кананічнага права. Працаваў у Рымскай Роце.У 2001 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Неапальскай архідыяцэзіі, а ў 2009 г. –біскупам дыяцэзіі Сора-Аквіно-Понтэкорво.

Пантыфік прызначыў таксама двух дапаможных біскупаў Рымскай дыяцэзіі. Імі сталі кс. прэлат Матэо Марыя Цуппі і кс. прэлат Лорэнцо Леуццы. Таксама Братыслаўская архідыяцэзія ў Славакіі атрымала новага дапаможнага біскупа ў асобе кс. прэлата Ёзэфа Галко.

Святы Айцец прыняў сёння адстаўку дапаможнага біскупа Катавіцкай дыяцэзіі ў Польшчы Герарда Бернацкага.







All the contents on this site are copyrighted ©.