2012-01-30 12:33:14

Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Оскара Скальфаро


Бэнэдыкт ХVI скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю Оскара Луіджы Скальфаро. Былы Прэзідэнт Італіі памёр 29 студзеня. У тэлеграме на імя дачкі памералага Марыі Скальфаро Папа пацвердзіў сваю духоўную блізкасць да сям’і італьянскага палітыка ў час болю і смутку. Пантыфік адзначыў, што з глыбокай любоўю і з асаблівай падзякай узгадвае гэтага сумленнага чалавека, які верна выконваў грамадскія абавязкі і заўсёды клапаціўся пра агульнае дабро і адвечныя этычна-рэлігійныя каштоўнасці, уласцівыя гістарычнай і грамадзянскай традыцыі Італіі.

Таксама кардынал Дзяржсакратар Тарцызіо Бэртонэ скіраваў свае спачуванні на імя Прэзідэнта Італіі Джорджа Напалітана. “Даведаўшыся аб смерці сенатара Оскара Луіджы Скальфаро, былога Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі, які на працягу доўгага часу быў адным з галоўных герояў публічнага жыцця ў краіне, верна выконваючы свае грамадскія абавязкі, папа Бэнэдыкт ХVI жадае перадаць Вам і ўсяму італьянскаму народу, свае глыбокія спачуванні і запэўнівае ў сваёй гарачай малітве за дарагога памерлага”, - напісаў кардынал Бэртонэ.

Скальфаро ў 1942 г. атрымаў юрыдычную адукацыю ў Каталіцкім універсітэце Святога Сэрца ў Мілане. Ужо ў 1946 г. стаў дэпутатам Устаноўчай Асамблеі, а затым нязменна ўваходзіў у склад парламента краіны ўсіх наступных скліканняў. Быў членам некалькіх урадаў. У красавіку 1992 г. заняў пасаду старшыні Палаты дэпутатаў італьянскага парламента, а ўсяго праз месяц быў абраны прэзідэнтам, і заставаўся ім да 1999 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.