2012-01-30 14:44:13

Патрыярх Кірыл: час на сустрэчу з Папам яшчэ не настаў


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у інтэрв’ю сербскай газеце “Вечэрніе Новості” сказаў, што адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Рускай Праваслаўнай Царквой “палепшыліся”, але яшчэ не настаў час так жаданай гістарычнай сустрэчы з Пантыфікам. “Яшчэ існуюць канфлікты, якія павінны быць вырашаны з большай энергіяй і цалкам, каб такая сустрэча мела поспех”, - сказаў Патрыярх. Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў, што СМІ бачаць толькі “сенсацыйны аспект магчымай сустрэчы” і патлумачыў, што “не хоча”, каб усё зводзілася да гэтага. “Мы павінны працаваць разам, каб карэнным чынам палепшыць атмасферу гэтых адносін, вырашыць праблемы, якія існуюць паміж намі”, - сказаў Патрыярх Кірыл. Ён адзначыў, што адносіны паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам “значна палепшыліся за апошнія 10 гадоў. “Пытанне празелітызму ўжо не з’яўляецца настолькі сур’ёзным, як гэта было ў 1990-х гадах, калі каталіцкія місіянеры прыбывалі ў Расію для актыўнай працы”, - падкрэсліў прадстаяцель. На яго думку, змешаная камісія па пытаннях, якія існуюць паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам у Расіі, якая была створана ў 2004 г., адыграла ў гэтым сваю станоўчую ролю.








All the contents on this site are copyrighted ©.