2012-01-30 12:35:02

Кардынал Кох: увядзенне “перадсаборнай” св. Імшы толькі першы крок


Зацвярджэнне магчымасці адпраўляць “перадсаборную” св. Імшу, на думку кардынала Курта Коха, “толькі першы крок” з боку Апостальскай Сталіцы. Час на наступныя крокі, аднак, яшчэ не прыйшоў, заявіў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству на выходных у Фрайбургу. Паводле яго, асабліва ў Германіі, літургічным пытанням надаецца ідэалагічны змест. Рым можа працягваць дзейнічаць, калі сярод католікаў будзе існаваць гатоўнасць разглядаць новыя формы літургіі ў кантэксце “служэння Касцёлу”, сказаў кардынал на канферэнцыі, прысвечанай тэалогіі Ёзэфа Ратцынгера-Папы Бэнэдыкта XVI.

У ліпені 2007 г. Папа пастанавіў, што ў Касцёле можа ўжывацца літургія паводле імшала з 1962 г. У сваю чаргу, імшал з 1970 г., паводле рашэння Пантыфіка, застаецца “нармальнай формай” адпраўлення Эўхарыстыі ў Рымскім Касцёле.

Кардынал Кох абверг абвінавачванні, што нібыта Бэнэдыкт XVI хоча вярнуць у Касцёл літургію, прынятую перад ІІ Ватыканскім Саборам: “Наадварот, Папу непакоіць, якім чынам увесці ўсе пастановы Сабору, што так і засталіся па-за новай літургіяй”, - сказаў ватыканскі іерарх.

З другога боку, не ўсё, што сёння выкарыстоўваецца ў літургіі, базуецца на саборных тэкстах. Напрыклад, нідзе не ўказваецца, што падчас Эўхарыстыі святар павінен быць звернуты тварам да ўдзельнікаў літургіі, сказаў кардынал. Развіццё літургічных формаў было неабходна для ўнутранага аднаўлення Касцёла. “Калі мы гаворым сёння пра крызіс у касцёльным жыцці, гэта ў першую чаргу крызіс літургіі, таму аднаўленне Касцёла сёння павінна грунтавацца на аднаўленні літургіі”, - заключыў кардынал Кох.







All the contents on this site are copyrighted ©.