2012-01-29 12:49:20

Апостальская Сталіца-Палестынская Аўтаномія: умацаванне адносін


29 студзеня Заляй Друку Апостальскай Сталіцы было апублікавана паведамленне аб выніках двухбаковай сустрэчы паміж прадстаўнікамі Апостальскай Сталіцы і Арганізацыі вызвалення Палестыны. “Сустрэча адбылася 28 студзеня ў Рамале. Яе праводзілі пад-сакратар Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Этторэ Балестрэро і кансультант Прэзідэнта Палестынскай Аўтаноміі па адносінах з хрысціянамі міністр Зіад Аль-Бандак”, - гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што “Палестынскі бок перадаў дэлегацыі Святога Пасада адказ на праект двухбаковага пагаднення, прапанаваны Апостальскай Сталіцай падчас папярэдняй сустрэчы”. Акрамя таго падкрэсліваецца, што “перамовы прайшлі ў пазітыўнай атмасферы, якая спрыяе далейшаму умацаванню адносін паміж бакамі”.

Дэлегацыі дамовіліся стварыць тэхнічную групу, для сумеснай працы над праектам пагаднення і падрыхтоўкі наступнай пленарнай сесіі супольнай камісіі, якая пройдзе ў Ватыкане ў бліжэйшай будучыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.