2012-01-28 11:44:37

Хрысціянскія Цэрквы Нідэрландаў падпішуць дакумент аб узаемным прызнанні хросту


Восем хрысціянскіх Цэркваў Нідэрландаў маюць намер узаемна прызнаць хрост. Адпаведны дакумент будзе падпісаны вясной гэтага года, паведамляе Нідэрландская рада Цэркваў. Узаемнае прызнанне хросту азначае, што пры пераходзе з адной супольнасці ў другую, вернік не будзе змушаны нанава праходзіць абрад хросту. Пытанне аб тым, якія супольнасці прымуць удзел у падпісанні дэкларацыі, да гэтага часу застаецца адкрытым, патлумачыў генеральны сакратар рады Клаас ван дэр Камп.

Паводле паведамленняў нідэрландскіх СМІ, дакумент аб узаемным прызнанні хросту маюць намер падпісаць Рымска-каталіцкі Касцёл, Пратэстанцкая Царква Нідэрландаў, у склад якой уваходзяць дзве рэфармацкія супольнасці і адна лютэранская, і Рэманстранцкае брацтва (адлом ад рэфармацкай супольнасці, члены якога не прынялі вучэння аб прадвызначэнні).

Афіцыйная статыстыка паказвае, што вялікая частка насельніцтва Нідэрландаў, крыху менш за 50%, не належыць ні да адной з рэлігій. Членамі Каталіцкага Касцёла з’яўляюцца 4,2 млн. галанцаў (25% насельніцтва). Да пратэстантаў сябе залічваюць каля 1,8 млн. вернікаў (11% насельніцтва). Каля 6% жыхароў вызнаюць іслам.







All the contents on this site are copyrighted ©.