2012-01-27 15:13:02

Кс. Ламбардзі: Памяць аб Халакосце – неабходная для гісторыі чалавецтва


Кс. Фэдэрыко Ламбардзі заклікаў памятаць аб Халакосце і быць салідарнымі з ахвярамі забойчай нянавісці ва ўсім свеце, каб такая трагедыя больш ніколі не здарылася ў гісторыі. У сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” на Ватыканскім радыё, кс. Ламбардзі нагадаў, што 67 гадоў таму, 27 студзеня 1945 г., скончылася ганьба Аўшвіца. “Было прынята рашэнне адзначаць Дзень памяці менавіта ў гэты дзень, які сімвалічна звязаны з самай жудаснай трагедыяй Халакоста”, - нагадаў італьянскі іезуіт. Святар адзначаў, што “мы не можам і не павінны” забывацца аб гэтай трагедыі, бо “калі існавалі людзі, якія былі здольныя на падобныя зверствы, ніхто не можа гарантаваць, што гэта не паўторыцца больш ніколі”. “Такім чынам, балючая Памяць застаецца папярэджаннем на ўсе часы”, - адзначыў кс. Ламбардзі.

“Увага! 67 гадоў гэта не мала. Пакаленне сведкаў, якія самі перажылі жах Халакоста паступова знікае. Неабходна падзяляць турботы тых, хто пачынае баяцца забыцця або адмаўлення, натхнёнага не толькі абыякавасцю, але, што яшчэ больш палохае, нянавісцю, якая грунтуецца на палітычных, этнічных ці рэлігійных матывах. Памяць аб Халакосце –неабходная для гісторыі чалавецтва, каб зразумець, што маецца на увазе калі гаворка ідзе аб непарушнасці годнасці кожнага чалавека, універсальнасці яго правоў і дзейнасці скіраванай на іх абарону”, - адзначыў дырэктар Ватыканскага радыё.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што для веруючых людзей тэма Халакоста з’яўляецца таксама непазбежнай “тэалагічнай сферай”. “Гэта сфера самага радыкальнага пытання зададзенага Богу, а менавіта пытання аб зле. Гэта сфера нашага знаходжання перад абліччам Бога, глыбокіх пытанняў, скіраваных да Яго, маўчання перад абліччам таямніцы”, - падкрэсліў дырэктар Ватыканскага радыё.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на тое, што для хрысціян, “гэта сфера позірку на крыж, з надзеяй, што бяда дасць месца жыццю”. “Папа паляк і Папа немец, у Аўшвіц і Яд Вашэм, ушаноўвалі памяць ахвяр Халакоста. Таксама і мы павінны рабіць гэта сёння, у салідарнасці перш за ўсё з ізраільскім народам і ўсімі ахвярамі абсурднай забойчай нянавісці ці адмаўлення годнасці, да якога б народа ці мовы яны не належалі”, - заклікаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.