2012-01-27 11:26:19

Кракаў хоча прыняць у сябе Сусветныя дні моладзі 2015


Кракаў хоча прыняць у сябе Сусветныя дні моладзі ў 2015 г. Як паведаміла Кракаўская архідыяцэзія, гарадскі савет прыняў рэзалюцыю ў падтрымку намаганняў кардынала Станіслава Дзівіша, каб другі па велічыні горад Польшчы стаў гаспадаром міжнароднага моладзевага форуму. У рэзалюцыі адзначаецца, што правядзенне дзён моладзі будзе мець сімвалічнае значэнне, у 2015 г. споўніцца 10 год са дня смерці папы Яна Паўла II, які быў ініцыятарам сусветнага форуму. Як вядома, да свайго абрання на сталіцу св. Пятра благаслаўлёны Пантыфік з’яўляўся арцыбіскупам Кракаўскім.

Адна з каталіцкіх арганізацый ужо запусціла спецыяльную інтэрнэт старонку, прысвечаную Сусветным дням моладзі 2015. 2,8 тыс. чалавек выказаліся на ёй у падтрымку Кракава, як сталіцы форуму, і заявіла аб сваім удзеле у ім. Аднойчы сусветная моладзевая сустрэча ўжо праходзіла ў Польшчы, у 1991 г. у Чэнстахове.

На правядзенне дзён моладзі ў 2015 г. прэтэндуе таксама Рыга, сталіца Латвіі. Арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч, якому належыць ідэя, узначаліў балтыйскую мітраполію летам 2011 г.

Трэба нагадаць, што кардынал Дзівіш у верасні 2011 г. ужо запрасіў Бэнэдыкта XVI асабіста прыбыць на асвячэнне касцёла бл. Яна Паўла ІІ, які яшчэ знаходзіцца ў стадыі пабудовы. Сусветныя дні моладзі сталі б добрай нагодай, каб Бэнэдыкт XVI “вярнуўся ў Польшчу”, сказаў былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ ў інтэрв’ю нашаму радыё прошлай восенню.

Наступныя дні моладзі пройдуць у 2013 г. у Рыа дэ Жанэйра, дзе і будзе абвешчана хто і калі стане наступным гаспадаром моладзевага форуму.







All the contents on this site are copyrighted ©.